Найбуйнейшая нямецкая газэта Bild, штодзённы тыраж якой складае каля трох з паловай мільёнаў асобнікаў, зьмясьціла на першую паласу панядзелкавага нумару выкрайку ярмолкі (кіпы), габрэйскага галаўнога ўбору.
Такім чынам выданьне адрэагавала на заяву ўпаўнаважанага ўраду Нямечччыны па барацьбе з антысэмітызмам Фэлікса Кляйна.
На мінулым тыдні Кляйн заявіў, што ў мэтах бясьпекі габрэям, якія пражываюць у Нямеччыне, лепш адмовіцца ад зьяўленьня ў ярмолках у публічных месцах. Чыноўнік матываваў гэта паслабленьнем «мэханізмаў стрымліваньня ў грамадзтве» і ўсё большай «жорсткасьцю» ў дачыненьні да людзей, якія вызнаюць юдаізм.
Словы Кляйна абурылі прэзыдэнта Ізраіля Рэўвэна Рыўліна. Ён нагадаў, што ва ўладаў Нямеччыны ёсьць абавязаньні перад габрэйскай грамадой, і засьцярог нямецкі ўрад ад саступак антысэмітам.