Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алігарх Каламойскі лічыць, што Ўкраіне варта абвясьціць дэфолт


Каламойскі перакананы, што Кіеву ня варта баяцца дэфолту

Украінскі алігарх Ігар Каламойскі лічыць, што Ўкраіне варта абвясьціць дэфолт. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію выданьню Financial Times.

На думку Каламойскага, Украіне варта ўзяць прыклад з Грэцыі, якая ў 2015 годзе стала першай разьвітой краінай, што ня здолела вярнуць крэдыт МВФ, хоць адмова ад супрацоўніцтва была часовай, піша газэта. Каламойскі перакананы, што Кіеву ня варта баяцца дэфолту. Ён адзначыў, што Аргентыіна шмат разоў перажывала дэфолт, але яе даўгі былі рэструктураваныя і ў краіны «ўсё нармальна».

Алігарх адзначыў, што калі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі будзе прыслухоўвацца да Захаду, то яго чакаюць такія самыя нізкія рэйтынгі, як у экс-прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Місія Міжнароднага валютнага фонду пачала працу ва Ўкраіне 21 траўня. Прадстаўнік МВФ ва Ўкраіне Ёста Люнгман заяўляў, што місія будзе заставацца ва Украіне два тыдні і будзе ацэньваць выкананьне бягучай праграмы супрацоўніцтва з фондам.

Раніцай 22 траўня агенцтва «Ўкраінскія навіны» напісала, што місія МВФ «сёньня або заўтра вяртаецца ў Вашынгтон» у сувязі з рашэньнем распусьціць парлямэнт і з прычыны пэўных кадравых прызначэньняў у Адміністрацыі прэзыдэнта.

У прэс-службе МВФ Радыё Свабода запэўнілі, што экспэрты Міжнароднага валютнага фонду «працягваюць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады Ўкраіны».

Прэс-служба прэзыдэнта Украіны паведаміла, што Ўладзімір Зяленскі плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду на наступным тыдні.

18 сьнежня 2018 амбасадар Украіны ў ЗША Валеры Чалы паведаміў, што ў штаб-кватэры Міжнароднага валютнага фонду ў Вашынгтоне зацьвердзілі выдзяленьне Ўкраіне фінансавай падтрымкі для працягу рэалізацыі важных рэформаў.

Аб’ём новай праграмы — 3,9 мільярда даляраў. Паводле паведамленьня, яна павінна стаць асновай для эканамічнай палітыкі ўраду ў 2019 годзе — мяркуецца, што гэтая палітыка будзе сканцэнтраваная на зьніжэнні інфляцыі і рэформах падаткаабкладаньня, фінансавага і энэргетычнага сэктараў.

21 сьнежня Украіна атрымала першы транш у рамках новай праграмы супрацоўніцтва зь Міжнародным валютным фондам аб’ёмам каля 1,4 мільярда даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG