Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як раіць жыць «гуру белых гетэрэсэксуалаў», які даводзіць да шалу лібэралаў і левых


Джордан Пітэрсан

Канадзкага псыхоляга Джордана Пітэрсана прыхільнікі называюць прарокам і любяць за барацьбу з паліткарэктнасьцю. Апанэнты лічаць яго «трэнэрам правых» і тролем, якога ня варта ўспрымаць сур’ёзна. Кожны з бакоў мае трохі рацыі. Але гэта ня адмаўляе факту, што Пітэрсан сёньня — адзін з самых уплывовых інтэлектуалаў сьвету.

Яшчэ тры гады таму Джордан Пітэрсан быў малавядомым прафэсарам клінічнай псыхалёгіі Ўнівэрсытэту Таронта. Сусьветную славу яму прынёс цыкль лекцыяў на Youtube з нагоды прыняцьця канадзкім урадам закону C-16. Гэты закон дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за ўжываньне мовы нянавісьці. А праявай гэтага можа быць, напрыклад, адмова ад гендэрна-нэўтральных займеньнікаў замест «she» i «he» (яна, ён). Пітэрэсан публічна заявіў, што не зьбіраецца падпарадкоўвацца гэтаму правілу. Улады ўнівэрсытэту пагражалі прафэсару звальненьнем, а яго лекцыі спрабавалі зрываць антыфашысты.

Пра тое, што здарыцца потым, Пітэрсан ня мог і марыць. Яго відэа на Youtube пачалі глядзець дзясяткі мільёнаў людзей. Сёньня ў яго больш за 2 мільёны падпісчыкаў, якія штомесяц зьбіраюць яму па 80 тысяч даляраў. Прафэсара літаральна разрываюць запрашэньнямі выступіць у розных кутках плянэты. А яго кніга «12 правілаў жыцьця. Як перамагчы хаос» імгненна зрабілася бэстсэлерам. Дык як раіць жыць псыхоляг, які даводзіць да шалу лібэралаў і левых?

Што прапануе Пітэрсан

На першы погляд кніга Джордана Пітэрсана — гэта псыхалягічны дапаможнік. Ягоныя 12 парадаў даволі простыя і практычныя. Аўтар перакананы, што яны могуць стаць маральным компасам і надаць жыцьцю сэнс. Перамагчы хаос можа парадак, а парадак, на думку Пітэрсана — гэта правілы.

«Нам патрэбныя прынцыпы, стандарты і каштоўнасьці, — піша аўтар. — Мы — статкавыя жывёлы, нам патрэбныя рутына і традыцыя».

Аўтар шчыра прызнаецца, што ягоныя правілы ня ў стане пазбавіць сьвет ад пакутаў і болю, але могуць значна іх зьменшыць.

Вось яны:

  1. Сачыце за фігурай. Сьпіну — выпрастаць, плечы — назад (гэта дадае сілы)
  2. Стаўцеся да сябе як да чалавека, якому вы павінны дапамагаць
  3. Сябруйце зь людзьмі, якія жадаюць вам дабра
  4. Параўноўвайце сябе з тым, кім вы былі ўчора, а ня з тым, кім нехта іншы ёсьць сёньня
  5. Не дазваляйце сваім дзецям рабіць тое, за што яны вам менш падабаюцца
  6. Перш чым крытыкаваць сьвет, навядзіце парадак ва ўласным доме
  7. Ідзіце за тым, што мае сэнс (а не за тым, што выгадна)
  8. Кажыце праўду або прынамсі не хлусіце
  9. Уявіце сабе, што чалавек, якога вы слухаеце, можа ведаць нешта невядомае вам
  10. Будзьце дакладнымі ў тым, што кажаце
  11. Не перашкаджайце дзецям, калі яны катаюцца на скейтах
  12. Калі сустрэнеце на вуліцы ката, пагладзьце яго

За што любяць Пітэрсана

Камусьці гэтыя правілы могуць падацца банальнымі, але самае цікавае пачынаецца ў іх апісаньнях. Кожнаму Пітэрсан прысьвячае каля 30 старонак. Кожны радок — гэта мёд на сэрца прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў.

З кожным абзацам аўтар уваходзіць глыбей і глыбей у культурную вайну, распраўляецца з сучаснымі левымі ідэямі, якія называе нігілісцкімі і дэструктыўнымі. Пітэрсан параўноўвае левых з камуністамі і чырвонымі кхмерамі. Але тыя, на думку прафэсара, прынамсі ня ведалі, да чаго гэта ўсё прывядзе. А сучасныя нэамарксысты ізноў ідуць таталітарнай сьцежкай, робячы старыя памылкі і пагражаючы сьвету катастрофай. Іх Пітэрсан адносіць да хаосу.

Альтэрнатыву хаосу ён бачыць у парадку, а гэта, на яго думку, сотні мільёнаў гадоў герархіі, структура грамадзтва, рэлігія, нацыянальны сьцяг і процьма іншага, што дае людзям спакой.

«Калі пануе парадак — мы можам думаць доўгатэрмінова. Наша сытуацыя стабільная, а мы спакойныя і ўпэўненыя ў сабе», — піша Пітэрсан.

Ён кідае выклік фэмінізму і палітычнай карэктнасьці. Патрыярхат аўтар называе ідэалягічнай канструкцыяй, мужчын заклікае быць мужчынскімі і вядзе вайну з тымі, хто змагаецца з герархічнасьцю грамадзтва.

«Кожная герархія нараджае пераможцаў і пераможаных. Але кожнае калектыўнае імкненьне да любой мэты канчаецца менавіта фармаваньнем герархіі. А імкненьне да гэтых мэтаў шмат у чым надае жыцьцю сэнс», — піша Пітэрсан.

Аўтар часта цытуе Біблію і падкрэсьлівае важнасьць рэлігіі ў жыцьці. Хрысьціянства ён хваліць за тое, што яно ўвяло роўнасьць паміж людзьмі, зрабіла раба і яго гаспадара роўнымі перад Богам.

«Грамадзтвы, якія паўсталі на хрысьціянстве, былі менш барбарскія, чым паганскія, а таксама рымскае, якое яно замяніла. Асуджалася дзетазабойства, прастытуцыя. Падкрэсьлівалася, што мужчыны і жанчыны роўныя. Нават ворагаў хрысьціяне заклікалі ўспрымаць як людзей, а цароў перастаць успрымаць як Божых стаўленікаў. Празь некаторы час усе забыліся, што такія праблемы ўвогуле існавалі», — піша псыхоляг.

Пры гэтым сам ён ня кажа, што верыць у Бога. «Я паводжу сябе так, як бы Бог існаваў», — гаворыць Джордан Пітэрсан.

За што ня любяць Пітэрсана

Пітэрсан на мітынгу ў абарону свабоду слова, Таронта, 2016
Пітэрсан на мітынгу ў абарону свабоду слова, Таронта, 2016

​Пачну здалёк. У 2017 годзе швэдзкі матэматык Тэадор Гіль напісаў навуковы артыкул пра магчымае паходжаньне генэтычных розьніц паміж мужчынамі і жанчынамі. Яго тэкст пагадзіліся надрукаваць два навуковыя часопісы, але ў апошні момант зьмянілі думку. Адзін з аўтараў адмовіўся падпісвацца пад артыкулам пасьля пагрозаў alma mater, а спонсар дасьледаваньня — Нацыянальны фонд навукі — запатрабаваў прыбраць сваю назву са зьместу артыкулу. От, кепскае дасьледаваньне, запярэчыць нехта. Але праблема ў тым, што рэдактарка часопісу адкрыта напісала Гілю, што не атрымала ніводнага пратэсту наконт навуковага падыходу або высноваў. Прэтэнзіі да матэматыка, паводле яе, выключна палітычныя.

Крытыка Пітэрсана таксама пераважна палітычная. І ў гэтым ён, у адрозьненьне ад Гіля, вінаваты сам. Хаця ня факт, што гэтая крытыка яго неяк кранае. Побач зь дзясяткамі навуковых спасылак, навуковых прыкладаў і вынікаў экспэрымэнтаў, у ягонай кнізе шмат кантрабанды — публіцыстыкі, якую няўважлівы чытач можа прыняць за навуковыя высновы. У разьдзеле «Не перашкаджайце дзецям, калі яны катаюцца на скейтах», у якім аўтар заклікае бацькоў даваць дзецям больш свабоды, каб яны спазнавалі сьвет, больш за палову тэксту нечакана прысьвечаная абсурднасьці барацьбы за роўнасьць заробкаў, якую і так ідэальна, на думку Пітэрсана, рэгулюе рынак.

«У Амэрыцы 500 індыянскіх плямёнаў. Чальцы племя Osage у сярэднім зарабляюць у год па 30 тысяч даляраў, а чальцы племя Tohono Odham няцэлыя 11 тысяч. Апошнія таксама ахвяры прыгнёту? А што зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі? Ці павінны яны зарабляць столькі ж, колькі і здаровыя? А што наконт людзей зь нізкім IQ?», — запытваецца Пітэрсан.

Гэта прыгожы рытарычны прыём, які аднак можа паставіць пад сумнеў аргумэнтацыю самога Пітэрсана. Бо калі сучасны парадак у сьвеце — гэта вынік эвалюцыі і культуры, якая зьяўляецца творам усяго чалавецтва, а не жанчын і мужчын паасобку (а менавіта так лічыць Пітэрсан), то барацьба жанчын за роўныя з мужчынамі заробкі — усяго толькі наступны крок разьвіцьця гэтай культуры. Тым больш, гэта пацьвярджаюць і мужчыны, якія падтрымліваюць пастулят роўнасьці заробкаў. Але ў гэтым выпадку Пітэрсан так ня лічыць.

Крытыкі называюць Пітэрсана «гуру белых гетэрэсэксуалаў мужчынаў», але ягоных прыхільнікаў гэта наўрад ці нэрвуе. Зрэшты, ён зьвяртаецца ў тым ліку і да жанчын, хаця перакос у адрас мужчынаў відавочны.

Месцамі Пітэрсан грашыць сафістыкай, а часам і простымі памылкамі. На Youtube можна знайсьці цэлыя ролікі і падкасты, прысьвечаныя памылкам Пітэрсана.

Прафэсар, напрыклад, памылкова сьцьвярджаў, што біблійнае слова Сатана паходзіць ад імя эгіпэцкага бога Сэта. Насамрэч, гэтае слова нарадзілася ў габрэйскай мове. Таму апанэнты Пітэрсана заклікаюць скептычна падыходзіць да ягоных словаў і высноваў, якія не датычаць псыхалёгіі. Праблема ў тым, што Пітэрсан выказваецца пра ўсё на сьвеце.

Тым ня менш

Зводзіць кнігу канадзкага клінічнага псыхоляга, доктара навук і былога выкладчыка Гарварду, да выключна барацьбы ідэалёгій і культурнай вайны, што вельмі часта робяць яго прыхільнікі і апанэнты, было б вялікай памылкай. Амэрыканскі акадэмічны асяродак вельмі ідэалягізаваны ў прынцыпе, і такі закід можна зрабіць вельмі многім. Джордан Пітэрсан — найперш клінічны псыхоляг і толькі пасьля гэтага «зорка ютубу», «гуру кансэрватараў» і «троль».

«12 правілаў жыцьця» — гэта кніга пра адносіны людзей, мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, пра чалавечыя фобіі, траўмы і шляхі лепшага разуменьня самога сябе. Яго кнігу трэба чытаць з доляй здаровай крытыкі і скепсісу. Зрэшты, як і любую іншую.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG