Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новую дошку зь імем Баторыя ў цэнтры Горадні зьнялі празь дзень. ФОТА


Новая шыльда на будынку Горадзенскага гуманітарнага каледжу

На гуманітарным каледжы ў Горадні, што побач з аўтавакзалам, увечары 22 траўня абнавілі памятную дошку — старую зь імем караля Стэфана Баторыя заклеілі сучаснай са сьпісам установаў, што месьціліся ў гэтым будынку. Аднак ужо на наступны дзень, пасьля цікаўнасьці журналістаў, новую дошку зьнялі зь невядомых прычын.​

Так выглядае шыльда Баторыя ўвечары 23 траўня пасьля таго, як зь яе зьнялі плястык
Так выглядае шыльда Баторыя ўвечары 23 траўня пасьля таго, як зь яе зьнялі плястык

Надпіс на шыльдзе Баторыя зьнішчылі савецкія ўлады

На новай шыльдзе былі пералічаныя 9 навучальных установаў, якія працавалі тут у розныя часы: пачынаючы ад гарадзкой вучэльні імя Пушкіна і жаночай гімназіі сясьцёр-назарацянак, заканчваючы пэдагагічным і гуманітарным каледжам.

Тут месьціліся 9 навучальных установаў
Тут месьціліся 9 навучальных установаў
Пушкінская вучэльня дзейнічала першай у гэтым будынку
Пушкінская вучэльня дзейнічала першай у гэтым будынку

Сямігадовая зьмяшаная школа імя Стэфана Баторыя, або «батаруўка», была тут з 1920 па 1939 год. Чорная шыльда зьявілася на будынку ў 1933-м, да 400-годзьдзя з даты нараджэньня манарха. На ёй было напісана па-польску: «Заступніку, вялікаму каралю Стэфану Баторыю. Школа».

Меркавана ў 1939 годзе савецкія ўлады зьнішчылі літары на шыльдзе, так што надпіс ледзь расшыфравалі. У такім выглядзе дошка існавала да цяперашняга часу.

Так шыльда выглядала да таго, як яе закрылі. Фота Руслана Кулевіча, hrodna.life
Так шыльда выглядала да таго, як яе закрылі. Фота Руслана Кулевіча, hrodna.life

Так магла б выглядаць шыльда, калі б на ёй захаваўся надпіс. Каляж Руслана Кулевіча, hrodna.life
Так магла б выглядаць шыльда, калі б на ёй захаваўся надпіс. Каляж Руслана Кулевіча, hrodna.life

Аднаўленьне дошкі Баторыя залежыць ад Міністэрства культуры

Паводле намесьніцы дырэктаркі па вучэбнай працы Горадзенскага гуманітарнага каледжа Юліі Сідаровіч, дошка была ў настолькі кепскім стане, што руйнавалася, зь яе высыпаўся камень.

«Мы проста прыбралі бруд, які там быў... Мы ж нічога такога не зрабілі. Усё, што было ў каледжы, мы там напісалі», — кажа Юлія Сідаровіч.

Пры патрэбе плястык можна зьняць і аднавіць старую дошку
Пры патрэбе плястык можна зьняць і аднавіць старую дошку

Зь ейных слоў, працы выконвалі акуратна, каб не пашкодзіць старую дошку. Пры патрэбе плястык можна будзе зьняць і адрэстаўраваць яе. Аднак пакуль пра аднаўленьне гаворкі не вядзецца.

«Мы нічога не плянуем. Усё залежыць ад таго, што скажа нам Міністэрства культуры... Рашэньні прымаюцца на высокіх узроўнях, тымі, хто адказвае за культурныя каштоўнасьці. Калі будзе інфармацыя, мы гэта будзем рабіць, калі не — ня будзем», — патлумачыла намесьніца дырэктаркі.

Гэты будынак канца XIX стагодзьдзя прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю
Гэты будынак канца XIX стагодзьдзя прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю

Міністэрства беларускіх спраў часоў БНР не ўключылі

У сьпісе на сучаснай шыльдзе няма Міністэрства беларускіх спраў Народнага сакратарыяту БНР і Беларускай школы, заўважыў гісторык Андрэй Чарнякевіч. Сустрэчы міністэрства на чале зь Язэпам Варонкам, адным з ініцыятараў абвяшчэньня БНР, адбываліся ў гэтым будынку ў канцы 1918 — пачатку 1919 гадоў, беларуская школа пад кіраўніцтвам дырэктара Антонава была тут у 1919 годзе.

Па словах Юліі Сідаровіч, гэтыя ўстановы прапусьцілі ненаўмысна — у сьпісе пазначылі ўсё, што знайшлі ў архівах каледжа.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG