Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кароль ня той, а дзяўчаты занадта стройныя!» Чаму зь фіналам «Гульні тронаў» усё ОК


Прэтэнзій да фіналу апошняга сэзону самага папулярнага сэрыялу, які доўжыўся 8 гадоў, набралася на цэлую кнігу. Сага скончылася 19 траўня, прэтэнзіі засталіся. Спрабуем адказаць на самыя распаўсюджаныя зь іх. Асьцярожна, спойлеры.

Сьцісла:

  • Фінал сэрыялу і разьмежаваньне роляў сярод валадароў Сямі каралеўстваў — лягічны працяг усёй 8-гадовай сагі.
  • Прынцыповы герой у кіраўніцтве такой дзяржавай не патрэбны, ягоная доля — подзьвігі.
  • Любы ўзурпатар, нават прыгожы і справядлівы, традыцыйна кепска сканчае. Так руйнаваліся ўсе імпэрыі.
  • Дазвольце сцэнарыстам пісаць сцэнары, акторам граць, а мэйнстрыму ня быць падобным да артхаўсу. Тут свае каноны.

Што да чаго

19 траўня скончыўся самы папулярны сэрыял — «Гульня тронаў». Меркаваньні прыхільнікаў падзяліліся. Адны сустрэлі фінал з захапленьнем, іншыя рэагавалі на кожную сэрыю апошняга сэзону шквалам крытыкі. Пад пэтыцыяй з патрабаваньнем перазьняць апошні сэзон падпісалася больш за мільён чалавек. Прэтэнзій хапіла б на кнігу. Паспрабую адказаць на асноўныя, якія гучалі ў беларускім сэгмэнце Faceboook.

«Сцэнарысты „зьлілі“ галоўную гераіню сэрыялу — Дайнэрыс Таргарыен»

Адна з апошніх прадстаўнікоў роду Таргарыенаў — Дайнэрыс, маці трох драконаў і проста прыемная дзяўчына, палюбілася аматарам сэрыялу за прынцыповасьць, справядлівасьць і барацьбу за правы людзей. Многія хацелі бачыць Дэні на Жалезным троне ў канцы сагі, але так ня сталася.

У апошнім сэзоне справядлівая Дэні спаліла сталіцу Сямі каралеўстваў разам з жыхарамі верхам на драконе, хаця ў гэтым не было патрэбы, горад і так здаўся. Дэні хоча працягваць імпэрскую вайну за вызваленьне ўсіх ад усіх, любымі мэтадамі па толькі ёй зразумелай лёгіцы. У выніку — гіне ад рук каханага. Аматарам крыўдна, але:

  • Усе 8 сэзонаў Дэні змагалася за сябе і іншых па сваіх правілах і дэманстравала ўсе задаткі псыхапата-пачаткоўца. Паводзілася як клясычны ўзурпатар, які прагне аднаго — улады над вялікай краінай і яе народамі. Чым краіна большая, тым лепш. І нават каханьне да Джона Сноў выявілася нічым у параўнаньні з уладай. Каханы аказаўся больш прынцыповым.
  • Сваякі Дэні з Таргарыенаў не адзначаліся справядлівасьцю і ўдумлівасьцю, а яе тата дык наагул называўся Вар’яцкім Каралем. Яўна не ад любові да людзей.
  • Любая гістарычная барацьба за ўладу ў Сярэднявеччы сканчалася падобна: справядлівыя кіраўнікі не маглі наталіцца ўладай, а забівалі іх сябры ці блізкія.

«Усе дзяўчаты ў фільме стройныя, гэта ненатуральна»

Санса Старк, Дайнэрыс Таргарыен, Сэрсэя Ланістэр — ды амаль усе гераіні сэрыялу, ад паненак са шляхетных дамоў да прадстаўніц самай старажытнай прафэсіі, — стройныя, падцягнутыя. У сэксуальных сцэнах відаць, што дэпіляцыя не абмінула іхнія целы, хоць на двары сярэднявечча. Такая ідэалізацыя, нібыта, выклікае пакуты ў іншых дзяўчат, бо навязвае стэрэатыпы і перашкаджае сябе прыняць.

Уяўляю, як пасьля выхаду «Тэрмінатара» ўсе хлопцы ўпадаюць у дэпрэсію, бо Арнольд Шварцэнэгер падкачаны, а яны — не, або ня могуць сябе прыняць, бо Жан-Клёд Ван Дам можа сесьці на шпагат, а яны — не.

Па-першае, у сэрыяле хапае дзяўчат, якіх ніяк не назавеш стэрэатыпна прыгожымі: Брыена Тарт, Ар’я Старк, Яра Грэйджой.

Па-другое, сэрыял наагул цяжка абвінаваціць у навязваньні жанчыне нейкіх стэрэатыпных роляў. У цяжкую бяспраўную эпоху сярэднявечча жанчыны становяцца рыцарамі, узначальваюць землі і каралеўствы дзякуючы розуму, хітрасьці, моцы.

Гэта мэйнстрымавае кіно, а не артхаўс. Такая зьнешнасьць — канон для сярэднявечнай тэматыкі. Так было ва «Ўладары пярсьцёнкаў» і ў «Ведзьмаку». Але ж яна не павінна быць усеагульным эталёнам.

«Жалезны трон заняў Бран Старк, і гэтага ніхто не аспрэчыў»

Насамрэч Бран Старк стаў не каралём у клясычным выглядзе, ён стаў свайго роду старшынём рады лордаў. Мадэль прадстаўнічай дэмакратыі, як у позьняй Рэчы Паспалітай, дзе кожны мае голас. Дзякуючы такому рашэньню не пачалася разьня па клясыцы «Гульні тронаў», не было яшчэ адной бітвы бастардаў, Бездакорныя ня сталі выразаць войскі Поўначы, нават калі Санса Старк заявіла пра незалежнасьць сваёй радзімы. І гэта нармальна, бо дагэтуль яны разам змагаліся зь белымі хадакамі, а яе сястра наагул забіла Караля Ночы. Раптам яшчэ каго заваліць. Дый бітваў было ўжо зашмат, хопіць.

«Ар’я Старк раптам стала Калюмбам»

У канцы сэзону Ар’я сядае на карабель і выпраўляецца адкрываць землі, пра якія нічога невядома. Дагэтуль яна не хацела быць маладой шляхетнай дзяўчынкай пры двары, а хацела махаць мячом, затым адхіліла прапановы ажаніцца, потым рвалася ў бітву. Ну сумна ёй сядзець на троне разам зь сястрой, дый не сябравалі яны надта ніколі. Яе шлях — адкрываць, так было на працягу ўсяго сэзону.

«Джона Сноў несправядліва заслалі за сьцяну», або «чаму яго ня страцілі»

Джон Сноў — прадстаўнік роду Таргарыенаў, сваяк і каханы Дайнэрыс Таргарыен, самы прынцыповы герой сагі, герой па сутнасьці. Ён ня раз ахвяруе сабой дзеля прынцыпаў чалавечнасьці і лёсаў людзей, ня хоча быць каралём.

Ён настолькі прынцыповы, што забівае сваю каханую. І як такі чалавек зможа наладжваць стасункі з лордамі, якім трэба хлусіць, як ён зможа застацца ў кіраўніцтве каралеўства ці Поўначы, калі толькі што забіў каралеву? Забіць яго нельга, бо гэтага не дазволяць зрабіць войскі Поўначы, а за сьцяной — яму найлепш, там зноў будзе месца гераізму і прынцыповасьці.

«Сэрсэя і Джэймэ гінуць ня так эпічна, раней усім горла пераразалі, а тут...»

Брат зь сястрой і закаханыя адзін у аднаго Джэймэ Ланістэр і Сэрсэя гінуць пад заваламі галоўнага замку Вінтэрфэлу, гораду, які дабівае Дайнэрыс верхам на драконе. Гінуць у абдымках. Пра тое, што гэта мусіла б быць ня так, кажа сама Сэрсэя. Гэтыя два ня самыя станоўчыя пэрсанажы праходзяць праз усю сагу, перажываюць войны, здрады, здраджваюць і забіваюць самі. У сэрыяле хапае страшных сьмерцяў, але для гэтых дваіх герояў сцэнарысты падрыхтавалі незвычайную сьмерць. Такіх у фільме не было, бо няма больш і такіх герояў.

Захаваць іх — значыць даць сюжэту разьвівацца далей, бо ў апошняй бітве ня будзе пераможцы. Зарэзаць іх — значыць забіць такім жа чынам, як другасных герояў, а яны не такія.

Замест высновы

Сэрыял наўрад ці пераздымуць нават на патрабаваньне мільёнаў. Людзі незадаволеныя вынікам, бо кавалак іх васьмігадовага жыцьця з трапяткім чаканьнем новай сэрыі ці новага сэзону скончыўся. Больш ня будзе крывавых забойстваў на экране, расстройстваў ад таго, што сцэнарысты зноў вырашылі забіць самага любімага героя, абмеркаваньняў новай сэрыі зь сябрамі ці калегамі. Гэта як страціць людзей, зь якімі ўжо зрадніліся. Але тое, што зьнята, перазьняць немагчыма.

Арцём Мартыновіч

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG