Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор: карупцыя нанесла краіне шкоду ў 22 мільёны рублёў


Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк

Генпракурор Аляксандар Канюк заявіў, што антыкарупцыйны прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 будзе «стрымліваць службовых асобаў ад зьдзяйсьненьня злачынных дзеяньняў».

Новы дакумэнт ён прадставіў 23 траўня ў Палаце прадстаўнікоў, паведамляе Tut.by.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 10 траўня дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй».

У лістападзе 2018 году Лукашэнка заявіў, што пара скончыць з заганнай практыкай, калі дзяржава саджае карупцыянэра ў турму, а «потым Шуневіч за добрыя паводзіны іх выпускае».

«Гэтага больш ня будзе. Дваццаць пяты раз паўтараю: лепш бедным на волі, чым багатым у турме».

Кіраўнік Беларусі дадаў, што ён ужо даў канкрэтныя ўказаньні — «нікога не выпускаць», а толькі дадаваць тэрміны.

Што прапануе дэкрэт?

У адпаведнасьці з дэкрэтам асуджаных за карупцыйныя злачынствы ня будуць вызваляць умоўна-датэрмінова, а неадбытая частка пакараньня ня будзе замяняцца на больш мяккую.

Грамадзяне, якія адбываюць пакараньне за карупцыю, змогуць датэрмінова вызваліцца зь месцаў пазбаўленьня волі толькі праз памілаваньне кіраўніком дзяржавы.

Паводле дэкрэту, да карупцыйных злачынстваў адносяцца

  • крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі; «адмываньне» злачынных даходаў;
  • злоўжываньне або перавышэньне ўлады або паўнамоцтваў;
  • бязьдзейнасьць службовай асобы;
  • незаконны ўдзел у прадпрымальніцтве;
  • атрыманьне або дача хабару, пасярэдніцтва ў гэтым.

У якасьці меры па далейшай барацьбе з карупцыяй Генпракуратура прапануе ўвесьці абавязковую публікацыю дэклярацый аб даходах чыноўнікаў, сказаў журналістам Аляксандар Канюк. Але ён ня ведае, «як гэта прыме прэзыдэнт». Маўляў, у Генпракуратуры ёсьць такая ініцыятыва, «будзем прапаноўваць законапраект», паведамляе БелаПАН.

Канюк пра размах карупцыі

Паводле Канюка, у Беларусі расьце колькасьць фактаў карупцыі.

У мінулым годзе колькасьць улічаных карупцыйных дзеяньняў павялічылася на траціну.

Паводле Канюка, распаўсюджаныя факты хабарніцтва, службовых крадзяжоў, злоўжываньняў, перавышэньня ўлады або службовых паўнамоцтваў.

«Па ўлічаных карупцыйных злачынствах устаноўлена матэрыяльная шкода ў суме 22 мільёны рублёў, якая пакрытая ў суме 11,5 млн. На маёмасьць абвінавачваных і іншых асобаў накладзены арышт у суме звыш 30 мільёнаў рублёў, што дасьць магчымасьць забясьпечыць пакрыцьцё шкоды», — паведаміў генпракурор.

Штогод улічваецца каля 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, да адказнасьці прыцягваецца каля тысячы службовых асобаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG