Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе пачаліся выбары ў Эўрапарлямэнт


Сэсія Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, ілюстрацыйнае фота
Сэсія Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, ілюстрацыйнае фота

Першымі галасаваньне пачалі жыхары Нідэрляндаў і Вялікай Брытаніі. У большасьці краінаў Эўразьвязу выбары пройдуць у нядзелю 26 траўня.

Нідэрлянды сталі першай дзяржавай Эўразьвязу, дзе 23 траўня пачаліся выбары ў Эўрапарлямэнт. Выбарчы ўчастак адкрыўся ў аэрапорце Амстэрдама а 5.00 паводле мясцовага часу. У гэты ж дзень пройдуць выбары і ў Вялікай Брытаніі, нягледзячы на тое, што гэтая краіна выходзіць з Эўразьвязу.

24 траўня галасаваньне правядуць у Ірляндыі і Чэхіі, а 25 траўня — у Латвіі, на Мальце і ў Славакіі. У астатніх краінах Эўразьвязу выбары пройдуць у нядзелю, 26 траўня.

Усяго ў 28 краінах Эўразьвязу налічваецца 426 млн выбарнікаў, якія маюць права ўзяць удзел у гэтых выбарах.

У выніку будзе выбраны 751 дэпутат, які прадставіць больш 512 мільёнаў эўрапейцаў, што зробіць гэтыя выбары найбуйнейшымі транснацыянальнымі выбарамі ў гісторыі. У выбарах будуць удзельнічаць як нацыянальныя партыі (у тым ліку партыі-чальцы эўрапейскіх партый), так і незалежныя кандыдаты.

У лютым 2018 году Эўрапейскі парлямэнт прыняў рашэньне аб зьніжэньні колькасьці дэпутатаў да 705 у выпадку, калі Вялікая Брытанія выйдзе з Эўразьвязу 29 сакавіка 2019 году. Аднак, у сувязі з тым, што дата выхаду Вялікай Брытаніі была адкладзеная, яна мусіць браць удзел у выбарах, і колькасьць дэпутатаў застаецца ранейшай — 751.

Да 1974 году заканадаўцаў прызначалі парлямэнты краінаў – чальцоў Эўразьвязу. У 1976 годзе было вырашана выбіраць іх усеагульным прамым галасаваньнем, якое з 2002 году праходзіць паводле прапарцыйнага прынцыпу — паводле партыйных сьпісаў.

Адна з галоўных праблем — яўка выбарнікаў. У 1979 годзе першыя агульнаэўрапейскія выбары ў гісторыі прыцягнулі 62% выбарнікаў, і з таго часу яўка пастаянна зьніжалася. У мінулы раз, у 2014 годзе, яна склала 42,6%. Пры гэтым у большасьці краін Усходняй Эўропы сытуацыя яшчэ больш сумная — там пяць гадоў таму тры чвэрці выбарнікаў праігнаравалі выбары.

Якія галоўныя партыі і фракцыі?

У Эўрапарлямэнце восем палітычных блёкаў, чатыры зь якіх можна назваць вельмі праэўрапейскімі. Найбуйнейшы зь іх — Эўрапейская народная партыя (ЭНП), у якую ўваходзяць правацэнтрысцкія і хрысьціянска-дэмакратычныя партыі. У ЭНП уваходзіць, напрыклад, партыя нямецкай канцлеркі Ангелы Мэркель, але таксама і партыя «Фідэс» вугорскага прэм’ера Віктара Орбана, сяброўства якой у ЭНП спынілі, хоць і не пазбавілі канчаткова.

Галоўная левацэнтрысцкая група называецца «Сацыялісты і дэмакраты» (СД), і складаецца яна, як кажа назва, з розных сацыял-дэмакратычных партый.

Ёсьць таксама лібэральная-дэмакратычная фракцыя «ALDE», а таксама фракцыя «Зялёных». Гэтыя чатыры групы, кажучы ў цэлым, зьяўляюцца праэўрапейскімі і звычайна супрацоўнічаюць пры прыняцьці заканадаўства — нават нягледзячы на рознагалосьсі.

Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі
Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі

Пятая група складаецца з кансэрватыўных партыяў і называецца «Эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты». Яна дзесьці пасярэдзіне паміж праэўрапейскім лягерам і відавочнымі эўраскептыкамі. У гэтай групе і брытанскія кансэрватары, і флямандзкія сэпаратысты, і польская партыя «Права і справядлівасьць».

У эўраскептычным лягеры знаходзяцца «Эўрапейскія аб’яднаныя левыя», куды ўваходзяць сацыялісты і камуністычныя партыі, і дзьве крайне правыя групоўкі — брытанца Найджэла Фаража і францужанкі Марын Лё Пэн.

Усе гэтыя партыі змагаюцца за 751 месца ў Эўрапарлямэнце; месцы падзеленыя сярод 28 дзяржаў ЭЗ у адпаведнасьці з колькасьцю насельніцтва. Скажам, Нямеччына будзе мець 96 дэпутатаў, а малыя краіны, напрыклад Кіпр, Эстонія, Люксэмбург ці Мальта, будуць мець па шэсць дэпутацкіх месцаў кожная.

Якіх вынікаў чакаць?

Калі верыць апытаньням, правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя, як чакаецца, зойме першае месца і атрымае каля 170 мандатаў з 751. ЭНП можа выйграць выбары ў 13 з 28 краін ЕС. Левацэнтрысцкія «Сацыялісты і дэмакраты» зноў фінішуюць другімі, атрымаўшы каля 150 мандатаў.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер
Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер

Істотным момантам зьяўляецца тое, што абедзьве вядучыя партыі страцяць разам каля 40 мандатаў. А гэта значыць, што ўпершыню з моманту ўвядзеньня прамога галасаваньня ў Эўрапарлямэнт у 1979 годзе, яны разам апынуцца бяз большасьці. Але прынамсі адна з гэтых дзьвюх групаў можа прэтэндаваць на пэўную перамогу дзякуючы стварэньню сыстэмы «вядучага кандыдата», паводле якой першы кандыдат на чале сьпісу партыі-пераможцы становіцца наступным прэзыдэнтам Эўракамісіі. Прынамсі, так лічыць Эўрапарлямэнт. Але шмат хто ў Радзе Эўразьвязу, дзе засядаюць кіраўнікі краін – чальцоў ЭЗ, незадаволены. Там хочуць выбраць прэзыдэнта Эўракамісіі самі, за зачыненымі дзьвярыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG