Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандалу ў Аўстрыі пайшлі ў адстаўку ўсе міністры ад правапапулісцкай партыі АПС

Ілюстрацыйнае фота. Былы віцэ-канцлер Хайнц-Крысьціян Штрахэ і канцлер Сэбасьцян Курц
Ілюстрацыйнае фота. Былы віцэ-канцлер Хайнц-Крысьціян Штрахэ і канцлер Сэбасьцян Курц

У Аўстрыі праз тры дні пасьля пачатку карупцыйнага скандалу з удзелам віцэ-канцлера і кіраўніка Аўстрыйскай партыі свабоды (АПС) Гайнца-Крыстыяна Штрахэ, у адстаўку падалі ўсе міністры ад гэтай партыі, паведамляе Deutsche Welle.

Паводле прадстаўніка АПС, такім чынам партыя адрэагавала на намер канцлера Зэбаст’яна Курца зьняць з пасады кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў прадстаўніка АПС Гэрбэрта Кікля.

Раней у той жа дзень Курц заявіў, што прапанаваў прэзыдэнту краіны Аляксандру ван дэр Бэлену звольніць Кікля, які займаў пасаду генэральнага сакратара АПС у ліпені 2017 году, калі было зьнята скандальнае відэа з удзелам Штрахэ і кіраўніка парлямэнцкай фракцыі АПС Ёгана Гудэнуса, на якім ідзе гаворка пра магчымыя таемныя фінансавыя зьдзелкі ў абыход аўстрыйскай падліковай палаты перад парлямэнцкімі выбарамі ў 2017 годзе.

Кадры былі зьнятыя невядомымі асобамі на схаваную відэакамэру на востраве Ібіца за тры месяцы да парлямэнцкіх выбараў. На відэа запісана, як Штрахэ абяцаў меркаванай пляменьніцы расейскага алігарха дзяржкантракты ў абмен на фінансаваньне перадвыбарнай кампаніі АПС.

Апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі запатрабавала, каб у адстаўку пайшоў увесь кабінэт, на чале з Курцам. Канцлер разарваў кааліцыйнае пагадненьне з АПС, абвінаваціўшы яе ў падрыве палітычнай рэпутацыі Аўстрыі, і заклікаў правесьці датэрміновыя выбары.

Пасьля публікацыі відэа Гайнц-Крысьціян Штрахе абвясьціў пра сыход у адстаўку, а прэзыдэнт Аўстрыі выступіў за правядзеньне датэрміновых выбараў.

XS
SM
MD
LG