Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганоў затрымлівалі па ўсёй краіне. Кіраўнік дыяспары параўнаў ціск міліцыі з часамі нацызму ў Нямеччыне


Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская дыяспара цыганоў» Алег Казлоўскі кажа, што вусныя загады аб затрыманьнях цыганоў апошнія 5-6 гадоў ідуць ад кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў.

«Паднялі ўсе сілы МУС»

Каля 100 цыганоў затрымалі ў Магілёве ўвечары 16 траўня і пратрымалі за кратамі да абеду 19 траўня. Як яны расказалі Свабодзе, міліцыянты патрабавалі, каб паведамілі, хто датычны да выкраданьня міліцыянта Яўгена Патаповіча.

«Сказалі, пакуль мы ня знойдзем злачынцаў, нашы мужчыны будуць сядзець. Каб мы праз сваю цыганскую пошту шукалі тых людзей», — расказвала Свабодзе жонка аднаго затрыманага жыхара цыганскага раёну Чапаеўка 17 траўня.


Аднак затрыманьні былі ня толькі ў Магілёве. Па словах Алега Казлоўскага, да цыганоў прыходзілі міліцыянты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

«Яны паднялі ўсе сілы МУС, сказаў Казлоўскі. — У Калодзішчах быў аўтобус АМАПу. Затрымліваюць у Віцебску, у Гомлі пагалоўна — па ўсёй краіне».

Да самога старшыні дыяспары двойчы прыходзілі з нагоды забойства Яўгена Патаповіча.

«Мы самі зацікаўленыя, каб забойцаў знайшлі. Але гэта не нагода для затрыманьняў. Мы ў першую чаргу грамадзяне Беларусі, і да нас павінна быць стаўленьне, як да ўсіх іншых», — сказаў Казлоўскі.

«Усё зьмянілася з прыходам Шуневіча»

Раён Чапаеўка, дзе цыганы жывуць у Магілёве
Раён Чапаеўка, дзе цыганы жывуць у Магілёве

Казлоўскі кажа, што падобныя аблавы на цыганскія раёны ў Беларусі праходзяць рэгулярна. Мінімум раз на год адбываюцца масавыя праверкі ва ўсіх абласьцях. Таксама да цыганоў прыходзяць пасьля гучных злачынстваў. Ціск на прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасьці, паводле ягоных назіраньняў, узмацніўся апошнія 5-6 гадоў.

«Падобна на тое, што было ў Нямеччыне ў 1930-я, калі быў перасьлед габрэяў і цыганоў. Я кіраўнік цыганскай дыяспары і кажу гэта на высокім узроўні», — сказаў Казлоўскі.

Ён мяркуе, што стаўленьне міліцыі да цыганоў зьмянілася пасьля прыходу новага кіраўніцтва МУС.

«Пры мінулым міністры ўнутраных спраў такога не было, — сьцьвярджае ён. — Было, але больш мякка. Усё зьмянілася з прыходам міністра Шуневіча».

Старшыня дыяспары кажа, што распараджэньні пра ціск на цыганоў вусныя.

«Яно прайшло па МУС як вуснае. Грамадзян цыганскай нацыянальнасьці затрымліваць, аглядаць, абшукваць — усё што заўгодна. Без усялякіх падставаў. Што мне рабіць, калі міліцыя не дае ніякіх папер?» — кажа Казлоўскі.


«Участковыя настройваюць мясцовых супраць цыганоў»

Вызваленьне цыганоў, затрыманых у Магілёве. 19 траўня
Вызваленьне цыганоў, затрыманых у Магілёве. 19 траўня

Алег Казлоўскі расказвае, што ў апошнія гады цыганоў затрымліваюць для праверак без аніякіх падставаў.

«Затрыманьне адбываецца без прычыны. Едзеш на аўтатранспарце, прыпыняе цябе супрацоўнік ДАІ і затрымлівае адразу. Гэта беззаконьне», — кажа ён.

Таксама рэгулярна прыходзяць дахаты. Найчасьцей шукаюць наркотыкі ці самагонныя апараты.

«Яны думаць, што ўсе цыганы займаюцца наркотыкамі. Ды той, хто займаўся, даўно сядзіць», — сказаў Казлоўскі.

Паводле яго, сёньня многія цыганы апынуліся за рысай беднасьці, бо іх рэдка хто бярэ на працу. Шмат хто зьяжджае зь Беларусі.

«Участковыя настройваюць мясцовых супраць ромаў. Кажуць ім: пабачыце цыганоў — тэлефануйце адразу. І так і ёсьць. Як толькі заедзе хто ў вёску, адразу прыяжджае міліцыя і людзей затрымліваюць для праверкі», — сказаў Казлоўскі.

Старшыня дыяспары ня ведае, як можна зьмяніць сытуацыю. Па яго словах, упаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка на ўсе звароты просіць паказаць задакумэнтаваныя выпадкі.

«Цяпер ніхто не рэагуе на нашыя звароты: ні пракуратура, ні МУС. Як я разумею, прэзыдэнт ня ў курсе гэтай сытуацыі», — сказаў Казлоўскі.

У прэсавай службе ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Свабодзе адмовілі ў камэнтаваньні сытуацыі.

«Калі такая інфармацыя будзе, яна будзе афіцыйна разьмешчаная», — сказаў Дзьмітры Ігнатовіч з групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў.

У прэсавай службе міліцыі Віцебскай вобласьці сказалі, што інфармацыя пра затрыманьні цыганоў на Віцебшчыне не адпавядае рэчаіснасьці.

З прэсавай службай цэнтральнага апарату МУС пакуль не ўдалося зьвязацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG