Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Зяленскі прымаў прысягу з «Пагоняй»? Фатафакт


Уладзімір Зяленскі падчас інаўгурацыі. 20 траўня 2019 году

20 траўня Ўладзімер Зяленскі ўступіў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны — ён быў абраны па выніках двух тураў выбараў, якія прайшлі сёлета 31 сакавіка і 21 красавіка.

Ён зачытваў тэкст прысягі, трымаючы руку адначасова на Канстытуцыі Ўкраіны і Перасопніцкім Эвангельлі. Пасьля прысягі Ўладзіміру Зяленскаму ўручылі пасьведчаньне прэзыдэнта і галоўныя сымбалі кіраўніка дзяржавы — булаву, пячатку і нагрудны знак прэзыдэнта Ўкраіны, на адным з мэдальёнаў якога можна было заўважыць герб «Пагоня».

«Пагоня» на нагрудным знаку прэзыдэнта Ўкраіны
«Пагоня» на нагрудным знаку прэзыдэнта Ўкраіны

Нагрудны знак прэзыдэнта Ўкраіны яшчэ называюць Колар. Ён ўяўляе сабой ажурны ланцуг з гістарычнай рэліквіяй — ладанкай, якая, згодна зь легендай, належала ўкраінскаму гетману Мазепу, а таксама была сярод атрыбутаў прэзыдэнта Ўкраіны ў эміграцыі.

Сем мэдальёнаў нагруднага знака прэзыдэнта расьпісаныя ўручную. На іх у мініятуры намаляваныя залаты княскі трызубец, трызубец Уладзіміра-Хрысьціцеля, залаты галіцкі Леў (герб Галіцка-Валынскага княства), знак «Пагоні» (герб Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі і ўкраінскія землі), знак «Казак з мушкетам» (сымбаль Гетманшчыны, Украінскай казацкай дзяржавы), герб «Абданк-Сыракомля» (радавы герб Багдана Хмяльніцкага, пад уладай якога ў XVII стагодзьдзі Украіна аб’ядналася ў магутную казацкую дзяржава), і герб Украінскай Народнай Рэспублікі як першай спробы утварэньня незалежнай Украіны ў XX стагодзьдзі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG