Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by папрасіў прабачэньня за матэрыял, пасьля якога дыскваліфікавалі беларускае журы на «Эўравізіі»


Прадстаўніца Беларусі Zena выступае ў першым паўфінале Эўравізіі-2019
Прадстаўніца Беларусі Zena выступае ў першым паўфінале Эўравізіі-2019

У паведамленьні парталу гаворыцца:

«Матэрыял па выніках першага паўфіналу быў апублікаваны на нашым партале 15 мая ў 13.25. У ім мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў журы, як яны ацэньваюць выступленьне Зены і якое ўражаньне ў іх склалася пра іншых удзельнікаў паўфіналу.

Бліжэй да вечару патэлефанавалі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі і паведамілі, што атрымалі прэтэнзіі ад арганізатараў конкурсу з нагоды гэтага інтэрвію. З сайту матэрыял адразу ж быў выдалены.

Tut.by прыносіць свае шчырыя прабачэньні ўсім прыхільнікам гэтага шоў. На жаль, мы не валодалі поўнай інфармацыяй, якая тычыцца правілаў гэтага конкурсу. У адваротным выпадку такі матэрыял ніколі б не зьявіўся ў нас на партале.

Але, як паказала сытуацыя, ува ўсе дэталі не былі пасьвечаныя і прадстаўнікі беларускага журы».

Беларускае журы на сьпеўным конкурсе «Эўравізія» было дыскваліфікаванае перад фіналам. Прычынай паслужыла тое, што беларускае журы агучыла, за каго галасавала ў паўфінале, а гэта забаронена правіламі «Эўравізіі».

Пасьля паўфіналу ў аўторак старшыня беларускага журы Валерый Прыгун сказаў Tut.by: «Мы вызначылі трох пераможцаў практычна аднагалосна. Увогуле, у першых шасьці або сямі месцах у нас амаль не было спрэчак. Яны пачаліся на 8-10-х месцах».

Акрамя таго, іншыя чальцы журы распавялі, якія краіны ім спадабаліся падчас паўфіналу.

Беларусь на конкурсе ў Ізраілі прадстаўляе 16-гадовая Zena (Зінаіда Купрыяновіч), якая, паводле вэрсіі Eurovisionworld, уваходзіла ў дзясятку фаварытаў.

Zena выступіць у фінале конкурсу сёньня, 18 траўня. Яна выступіла ў першым паўфінале пад нумарам 8 з кампазыцыяй на ангельскай мове Like It.

Усяго сёлета на Эўравізіі спаборнічае 41 канкурсант. Турэччына, Босьнія і Герцагавіна, Славаччына, Баўгарыя, Украіна вырашылі ў гэтым годзе ня ўдзельнічаць.

Зінаіда Купрыяновіч — самая юная ўдзельніца Эўрабачання сёлета. Музыкай яна займаецца з 11 гадоў і ўжо ў 15-гадовым узросьце падпісала прафэсійны кантракт з расейскім прадусарам Віктарам Дробышам.

Зена была пераможцай прэміі дзіцячага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску 2014», фіналісткай нацыянальнага адбору конкурсаў песьні «Дзіцячая Эўравізія» ў 2015 і 2016 гадах.

​Штогадовы песенны конкурс Эўравізія сёлета праходзіць у ізраільскім Тэль-Авіве ў выставачным цэнтры «​Ізраільскі цэнтар кірмашоў»​. Летась сьпявачка Нэта Барзілай прынесла Ізраілю перамогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG