Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вагоны для быдла загружалі, штабэлямі ўкладвалі». Як ў 1944 дэпартавалі крымскіх татар


Сем'і крымсктх татар, якім не дазвалялі вярнуцца ў Крым. На станцыі Новааляксеўская ў Хэрсонской вобласьці Ўкраіны, 1968 год
Сем'і крымсктх татар, якім не дазвалялі вярнуцца ў Крым. На станцыі Новааляксеўская ў Хэрсонской вобласьці Ўкраіны, 1968 год

18 траўня спаўняецца 75 гадоў з пачатку дэпартацыі крымскіх татар. Апэрацыя па высяленьні карэннага народу Крыму пачалася ў 4 гадзіны раніцы і заняла двое сутак. Дэпартаваным давалі ад некалькіх хвілін да паўгадзіны на зборы, пасьля чаго на грузавіках везьлі на чыгуначныя станцыі. Адтуль эшалёны пад канвоем адпраўляліся да месцаў высылкі ў Цэнтральную Азію.

Як ў 1944 дэпартавалі крымскіх татар
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:08 0:00

Афіцыйна дэпартацыя абгрунтоўвалася фактамі нібыта масавага ўдзелу крымскіх татараў у калябарацыйных фармаваньнях, якія выступалі на баку нацысцкай Нямеччыны падчас Другой сусьветнай вайны, і супрацоўніцтвам з акупацыйнымі ўладамі. У тэлеграме НКВД на імя Сталіна было ўказана, што былі выселеныя больш за 180 тысяч чалавек.

Паводле дадзеных Нацыянальнага руху крымскіх татараў, усяго з Крыму выслалі больш за 420 тысяч чалавек.

Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» пагаварыў з тымі, хто нарадзіўся ў дэпартацыі і чыіх дзяцей цяпер на анэксаваным паўвостраве расейскія ўлады абвінавачваюць у тэрарызьме, падазраючы ў супрацоўніцтве з рэлігійнай арганізацыяй «Хізб-ут-Тахрыр», якая ў Расеі прызнана тэрарыстычнай. Па гэтай справе арыштаваныя ці ўжо асуджаныя 58 чалавек. Для крымскіх татараў гэта новая хваля рэпрэсій.

Зарэма Мамутава:

— Я нарадзілася ва Ўзбэкістане ўжо ў дэпартацыі, недзе гадоў праз 11 пасьля таго, як дэпартавалі нашых бацькоў. Мама часта ўспамінала, як яе бацьку расстралялі немцы, ён быў старшынём калгасу. У 1944 годзе бабулю і маму з сястрой дэпартавалі. У вагоны для быдла загружалі, штабэлямі ўкладвалі. Падчас паездкі ў вагоне бабуля памерла.

А ў 2016 годзе прыйшлі да нас, а 6-й раніцы, таксама ўварваліся ў дом, ўзламалі дзьверы. З крыкам, у масках прыйшлі. І я адразу ўявіла, што перажыла мая мама, мая бабуля і цётка.

Ліля Зэкір’яева:

— Маёй маме цяпер 92 гады. [Яе дэпартавалі] ў 1937 годзе, ёй было 11 гадоў. Яе маму, яе брата раскулачылі ў 1937. Іх адправілі ў горад Надзеждзінск у Сьвярдлоўскай вобласьці. Мама расказвала, што яна сіратой была, што сёньня то да адных пойдзе ў госьці, то да іншых — прымалі яе начаваць. У яе дом адабралі, сады былі ў дзядулі — усё забралі ў іх.

Яна потым жыла ў свайго дзядзькі. Вучылася ў школе добра. У 1944-м сям’ю яе дзядзькі сапраўды гэтак жа, як усіх крымскіх татараў, у вагонах для быдла прывезьлі ў Сярэднюю Азію. Цэлы месяц яны ехалі туды. Вельмі шмат памерла людзей у дарозе. Яна кажа, вельмі шмат людзей хавалі.

Прывезьлі ва Ўзбэкістан, кінулі ў нейкім поле, нікога не было на гэтым полі, толькі сабакі вылі. І кожны дзень людзі паміралі, зьбіралі гэтых людзей і ў адной вялікай яме хавалі. Гэта яна распавядала.

Задзіе Саліева:

— Мама часта расказвала, як яны, «Студэбэкеры», прыехалі а 4-й гадзіне раніцы, пабудзілі, забралі. І зьмясцілі іх у школу. Яны адну ноч начавалі ў школе. Пад рулямі аўтаматаў — іх ахоўвалі, яны не маглі ў дом пайсьці нешта ўзяць: галодныя, халодныя. Яны думалі, іх расстраляюць. Старэйшая цётка, яна была больш шустрая, змагла ў дом ўвайсьці. Пайшла ў дом, а там ужо адзін салдат — савецкі салдат — ходзіць і ўсё ламае, шукае нешта.

Мой бацька быў сагнаны фашыстамі ў Аўстрыю, яго не было. І вось яе з трыма дзецьмі выслалі ва Ўзбэкістан, у Самаркандзкую вобласьць. Там такі пасёлак быў, які амаль на 90% складаўся з крымскіх татар.

Была масавая сьмяротнасць: малярыя, тыф касілі людзей. Сем’ямі паміралі. Па-першае, не было жытла, холад і голад. Прымушалі там укараніцца, давалі ўчасткі, давалі усё, каб толькі не патрабавалі вяртаньня назад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG