Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы часта называем фэйкамі тое, што не супадае з нашымі думкамі», — швэдзкія дакумэнталісты ў Беларусі


Сэсылія Бʼёрк (Cecilia Björk)
Сэсылія Бʼёрк (Cecilia Björk)

«У Швэцыі ёсьць сьвята, падчас якога ў бібліятэках і школах вучаць, як адрозьніваць праўдзівую інфармацыю ад фэйкаў», — швэдзкія дакумэнталісты распавядаюць, чаму фэйкі непазьбежныя і як ім супрацьстаяць.

З 10 па 17 траўня ў Менску праходзіў кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне». Мы сустрэліся з удзельнікамі фэстывалю, рэжысэркай Сэсыліяй Бʼёрк і прадусарам Максыміліянам фан Эртрукам, і пагаварылі пра фэйкавыя выявы, мэдыя і гумар у дакумэнтальным кіно.

У Менск Сэсылія і Максыміліян прывезьлі фільм «Добры тыдзень для дэмакратыі». Стужка апавядае пра штогадовы палітычны фэстываль, на якім можна паслухаць выступы палітыкаў, схадзіць на сэмінары і дэбаты. Фільм, які здымалі на працягу трох гадоў, паказвае, як СМІ ўплываюць на палітыку і грамадзтва.

А 16 траўня правялі майстар-клясу «Fake news і мэдыя-непісьменнасьць», дзе распавядалі пра тое, як крытычна ацэньваць інфармацыю вакол нас.

Сэсылія і Максыміліян працуюць у пасьпяховай швэдзкай кінакампаніі Plattform Produktion, сузаснавальнік якой, Рубен Эстлунд, у 2017 годзе атрымаў Залатую пальмавую галіну за фільм «Квадрат».

Мы жывём у лічбавую эпоху, у сьвеце мільёнаў выяваў. Як гэта ўплывае на нас і наша ўспрыманьне рэальнасьці?

Сэсылія: Бываюць розныя тыпы фэйкаў. З аднаго боку, гэта наўмысна непраўдзівая інфармацыя, згенэраваная фабрыкамі троляў. Зь іншага боку, фэйкі — гэта інфармацыя, якая камусьці не падабаецца. Вялікая праблема сучаснага грамадзтва ў тым, што мы пачынаем ставіць сабе пытаньне, ці існуе праўда ўвогуле.

Калі я пачала працаваць над «Добрым тыднем для дэмакратыі», тэрмін «фэйкавыя навіны» быў не такі пашыраны. Я пачала працаваць над фільмам з прычыны сваёй незадаволенасьці і расчараваньня тым, як навінавыя мэдыі пісалі пра палітыку. Гэтыя матэрыялы заўсёды былі фрагмэнтаваныя і часта заснаваныя на канфлікце і драме, і я бачыла вынік чагосьці, а не працэс. І самі палітыкі здаюцца нам магічнымі стварэньнямі, а не сапраўднымі людзьмі.

Максыміліян фан Эртрук і Сэсылія Бʼёрк
Максыміліян фан Эртрук і Сэсылія Бʼёрк

Максыміліян: У 21 стагодзьдзі ўсе сталі журналістамі. Цяпер кожны вельмі проста можа рабіць фота, відэа і публікаваць іх. Такім чынам, кожны можа быць пачуты. Але як зрабіць так, каб чуць людзей, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў? Мы часта называем фэйкамі тое, што не супадае з нашымі думкамі.

Мы прывыклі спажываць навіны хутка, аднымі загалоўкамі. Часам мы клікаем на іх і чытаем толькі пару абзацаў. Я думаю, менавіта таму фэйкі і існуюць, што па форме навіны падобныя адна да адной. То бок у структуру вы ўпішаце што заўгодна, а потым ня зможаце адрозьніць фэйкавую навіну ад сапраўднай. Менавіта таму мы імкнёмся па-іншаму паказаць сьвет, палітыку і тое, што заўсёды ў цэнтры навінаў, як гэта адбываецца ў фільме «Добры дзень для дэмакратыі».

Як звычайнаму чалавеку атрымаць поўную карціну таго, што цяпер адбываецца?

Максыміліян: Мэдыя ня могуць паказаць поўную карціну, і рабіць выгляд, што яны яе даюць, — няправільна. А спажыўцы павінны разумець, што ёсьць рамка, якую выбраў нехта, і што гэты нехта вырашыў, як паказваць сытуацыю і што паказваць.

Сэсылія: Трэба заўсёды разумець і памятаць, хто робіць матэрыял, як ён зроблены, чаму гэта ці тое паказана. Трэба самому папрацаваць у мэдыя, каб зразумець, як гэты мэханізм працуе.

Наколькі часта швэдам даводзіцца сутыкацца з фэйкавымі навінамі?

Сэсылія: Цяжка сачыць за такімі рэчамі, бо мы жывём у палярызаваным грамадзтве. Калі бізнэс-мадэль кіруе СМІ, як гэта адбываецца ў Швэцыі, ім трэба прадаваць. Таму ў журналістаў не заўсёды хапае часу прапрацаваць інфармацыю. І тады, вядома, фэйкі непазьбежныя, і гэта не заўсёды наўмысна. Мы ўвесь час рызыкуем апынуцца пад уплывам фэйкавых навін.

У Швэцыі вучаць мэдыяпісьменнасьці або фактчэкінгу?

Сэсылія: У Швэцыі ёсьць сьвята, прысьвечанае мэдыяпісьменнасьці, якое праходзіць у бібліятэках, школах. У гэты дзень там вядуць заняткі пра тое, як правяраць рэсурсы на надзейнасьць. Думаю, нам пра гэта трэба больш казаць і ўвесьці штосьці падобнае ў якасьці прадмета ў школе, бо, здаецца, бліжэйшым часам фэйкаў ня стане менш.

Максыміліян: Мы цікавімся візуальнымі выявамі і тым, як яны ўплываюць на людзей. Камэра стала важнай прыладай камунікацыі. Мы камунікуем ня толькі праз тэкст, але і празь візуальныя вобразы, асабліва моладзь. Мы прыходзім да таго, што ў школе дзяцей ня вучаць этыцы, якую нясуць у сабе малюнак і выява. У школе не распавядаюць, як аналізаваць інфармацыю і крытычна да яе ставіцца. У нас вельмі вялікая праца наперадзе.

Да таго ж камэра прымушае нас дзейнічаць інакш, быццам нехта на нас глядзіць, таму гэта стварае сацыяльны ціск. Быццам бы вы стаіце перад люстэркам і ўсьведамляеце сваю наяўнасьць, таму спрабуеце паказаць лепшы свой бок.

Дакумэнтальнае кіно заўжды асацыюецца зь нечым змрочным і занадта доўгім. Як зрабіць яго цікавым для мільёнаў гледачоў на фоне папулярнасьці «Гульні тронаў» і «Дэдпула»?

Максыміліян: У адной сцэне мы папрасілі міністра культуры прайсьці дзьве хвіліны па самай люднай вуліцы. Празь нейкі час да яе падышла дзяўчына, якая заўважыла камэру, і папрасіла зрабіць зь ёй сэлфі, хоць сама ня ведала, хто гэта. Гэта пацешная сытуацыя, таму што мы не прывыклі бачыць палітыкаў у ролі звычайных людзей.

Гэта насьмешка зь людзей, а хутчэй люстэрка, у якое людзі могуць паглядзецца і падумаць над тым, што яны бачаць. У фільмах павінен быць гумар, бо гумар — эфэктыўны спосаб даць людзям пра нешта падумаць. А калі карціна змрочная, людзі робяцца пасіўнымі.

Сэсылія: Мяне некалі вельмі парадавала такая рэакцыя на фільм: «Дзякуй вам за тое, што паказалі, што палітыкі ня робаты». Значыць, гэты фільм нешта зьмяніў. Таксама важны спосаб стварэньня такіх фільмаў — цікаўнасьць. Мне павінна быць цікава даведацца нешта новае і шукаць дзіўныя сытуацыі.

Дакумэнтальныя фільмы, якімі я цікаўлюся, заўсёды ставяць нешта пад пытаньне. У дакумэнтальных фільмаў велізарны патэнцыял, бо гэта вольны фармат: вы можаце рабіць што заўгодна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG