Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пасьля пратэстаў прапанаваў правесьці апытаньне аб будаўніцтве храма ў Екацерынбургу


На будаўнічай пляцоўцы

Прэзыдэнт Расеі пракамэнтаваў пратэсты вакол будаўніцтва храма на набярэжнай у цэнтры Екацерынбурга.

«Храм павінен абʼядноўваць людзей, а не разьядноўваць. Таму з абодвух бакоў патрэбныя нейкія крокі, каб вырашыць гэтае пытаньне ў інтарэсах усіх людзей, якія там рэальна пражываюць. І калі гаворка ідзе пра жыхароў гэтага мікрараёну [дзе знаходзіцца сквэр], то, безумоўна, трэба гэта меркаваньне ўлічыць. Ёсьць просты спосаб — правесьці апытаньне. І меншасьць павінна падпарадкавацца большасьці. На гэтым будуецца прынцып дэмакратыі».

Улады Екацярынбурга і Сьвярдлоўскай вобласьці ўжо пагадзіліся гэта зрабіць.

«Будзем апытаньне праводзіць. Ведаю, што абласныя ўлады плянуюць
правесьці з фондам „Соцыюм“ сваё апытаньне, — паведаміла агенцтву
«Інтэрфакс-Урал» намесьнік кіраўніка горада Кацярына Куземка. — Але ніводзін зь іх ня будзе ўспрыняты пратэстоўцамі як легітымны, — заўважыла яна. — Многія грамадзкія арганізацыі зьвяртаюцца, гатовыя выступіць ініцыятарамі масавага незалежнага апытаньня. Гэта вельмі добрая ініцыятыва, мы ня супраць яе».

Напярэдадні прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што дзеяньні сілавых структур падчас пратэстаў супраць будаўніцтва храма ў сквэры Екацярынбурга сталі рэакцыяй на правакацыю.

На пытаньне, наколькі быў апраўданы сілавы сцэнар, прэс-сакратар Крамля заявіў: «Сцэнар заўсёды апраўданы, калі гаворка ідзе пра правакацыі».

Ва ўральскай сталіцы чацьвёртыя суткі працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва храма ў сквэры ў цэнтры гораду.

13 траўня пратэст скончыўся сутычкамі. Жыхары Екацярынбурга зламалі плот, якім быў абгароджаны сквэр. Увечары мірны пратэст перарос у сутыкненьне зь людзьмі ў спартовай форме.

У Екацярынбургу людзі павалілі агароджу, усталяваную ўначы ў сквэры, дзе ўлады хочуць пабудаваць храм. Але неўзабаве невядомыя з пагрозамі выціснулі пратэстоўцаў, паставілі плот назад і засталіся яго ахоўваць.

Пазьней старэйшы сьвятар екацярынбурскага Храма на Крыві Максім Міняйла заявіў, што дзеяньні пратэстоўцаў былі правакацыяй, і абвінаваціў іх у тым, што яны «кідалі бутэлькі ў супрацоўнікаў Чоп „РПЦ Бясьпека“, якія абаранялі пэрымэтар будаўнічай пляцоўкі , справакаваўшы іх на дзеяньні ў адказ».

16 траўня раённы суд Екацярынбурга арыштаваў 21 удзельніка пратэсту на тэрмін ад двух да 10 сутак.

Пад канец трэцяга дня пратэстаў, паводле дадзеных МУС па Сьвярдлоўскай вобласьці, затрыманыя 69 чалавек, 70 зь іх — у апошні дзень акцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG