Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «лініі Сталіна» з удзелам Віктара Лукашэнкі адкрылася міжнародная выстава ўзбраеньня MILEX-2019


У гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» ў Менскім раёне раніцай 15 траўня прайшла цырымонія адкрыцьця 9-й міжнароднай выставы ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі MILEX-2019, паведамляе БелаПАН.

Паводле старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Рамана Галоўчанкі, выставу наведваюць 59 дэлегацыяў з 35 дзяржаваў. Свае экспазыцыі разгарнулі 170 арганізацыяў зь дзесяці краін: Азэрбайджану, Беларусі, Нямеччыны, Італіі, Казахстану, Кітаю, Польшчы, Расеі, Сэрбіі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

На цырымоніі адкрыцьця былі памочнік прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы і ягоны сын Віктар Лукашэнка, міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, прадстаўнікі замежных дэлегацыяў.

Раман Галоўчанка заявіў, што беларускія вытворцы вайсковай прадукцыі асвоілі вытворчасьць такіх узораў, пра якія яшчэ пяць гадоў таму «не маглі і марыць», і частка зь іх будзе прадстаўленая на выставе.

«Гэта і агнявыя сродкі паражэньня ў клясе ракетных комплексаў вялікай далёкасьці да 300 кілямэтраў, сыстэмы комплекснага супрацьдзеяньня высокадакладнай зброі ў сэгмэнце сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, у тым ліку процідзеяньня бесьпілётным лятучым апаратам, сродкі рухомасьці, транспартныя базы цяжкіх комплексаў узбраеньня, баявыя геаінфармацыйныя сыстэмы», — пералічыў Галоўчанка.

Паводле старшыні беларускага ВПК, тэрмін «IT-краіна «ў поўнай меры выкарыстоўваецца і ў дачыненьні і да вайскова-прамысловага комплексу», бо ў аснове апошніх распрацовак — найскладанае праграмнае забесьпячэньне, элемэнты штучнага інтэлекту, машыннага навучаньня і інш.

Прэмʼер-міністар Сяргей Румас зачытаў вітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі, у якім той адзначае, што фармат выставы «ў чарговы раз пацьвярджае адкрытасьць Беларусі, яе зацікаўленасьць у разьвіцьці супрацоўніцтва зь іншымі дзяржавамі ў сфэры гарантаваньня бясьпекі» і дае магчымасьць пазнаёміцца з вынікамі работы беларускага вайскова-прамысловага комплексу, які «зьяўляецца адным з прыярытэтных высокатэхналягічных сэктараў нацыянальнай эканомікі».

Начальнік Генштабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Алег Белаконеў падчас выступу адзначыў, што частка прадстаўленых на выставе узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі ўжо прынятая на ўзбраеньне ў Беларусі і іншых дзяржавах.

«Заключайце выгадныя кантракты, купляйце добрыя сучасныя ўзоры ўзбраеньня і папаўняйце бюджэт нашай дзяржавы», — заклікаў Белаконеў удзельнікаў выставы.

Міжнародная выстава зброі і вайсковай тэхнікі MILEX сёлета праходзіць дзявяты раз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG