Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевятнаццаць год чаканьня Ўльляны Захаранкі


Ульляна Захаранка, 2013 год

14 траўня споўніўся год, як ня стала Ўльляны Рыгораўны Захаранкі, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў генэрала Юрыя Захаранкі. Грамадзкія актывісты з Гомля сёньня наведалі магілу Ўльляны Рыгораўны ў мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне, усклалі вянок.

Дзьве сьмерці

«Мы прыяжджалі і прыяжджаем да Ўльляны Захаранкі ня толькі дзеля абавязку, але і з чыста чалавечых памкненьняў, — кажа старэйшы гомельскі палітык Уладзімер Кацора. — Гвалт над людзьмі ў самых розных праявах дагэтуль у Беларусі не спыняецца. Сын Ульляны генэрал Юры Захаранка быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, мы разам працавалі на дэмакратычныя перамены. Увечары 7 траўня 1999 году Юры ішоў у Менску з аўтастаянкі дахаты — і зьнік. Яго нахабна выкралі невядомыя. З таго часу мы пэрыядычна наведвалі Ўльляну Рыгораўну, каб падтрымаць яе ў няўцешным мацярынскім горы».

Гэта было ўдвайне важна, бо незадоўга да гвалтоўнага выкраданьня Юрыя ня стала і Ўладзімера, старэйшага Ўльлянінага сына, былога падводніка, які пасьля службы на флёце захварэў і памёр падчас апэрацыі.

«Дзе ж мне душу дзець? Я ж хвалююся, начамі ня сплю. Плачу. Адзін сын служыў у падводніках на атамнай лодцы — памёр без пары. І другога праз год забралі. Хіба ж можна майму сэрцу гэта вытрымаць?» — пераказвала мне свае мацярынскія пакуты Ўльляна Рыгораўна.

Выкраданьне — як удар маланкі

Выкраданьне Юрыя праз год пасьля заўчаснай сьмерці Ўладзімера было для маці як удар маланкі. Ульляна Захаранка перанесла інфаркт і з таго часу моцна хварэла. Адымаліся ногі, мучылі стэнакардыя й сардэчныя прыступы. Шугаў угару крывяны ціск, а праз колькі часу, наадварот, пачаў рэзка зьніжацца, і самотная старая ледзьве дабіралася да ложка.

У хаце Ўльляны Захаранкі, 2009 год
У хаце Ўльляны Захаранкі, 2009 год

Ульляне Рыгораўне дапамагалі найперш пляменьніца Люба з мужам. Але надзвычай важнай была і ўвага грамадзкіх актывістаў, якія імкнуліся хоць неяк суцешыць боль маці. З ініцыятывы Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусь сабрала 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў на тое, каб падвесьці ў дом Ульляны Захаранкі прыродны газ — іначай ацяпляць жытло ўзімку было б зусім цяжка.

На клопаты і ўвагу сынавых паплечнікаў Ульляна Рыгораўна неяк заўважыла:

«Калі да мяне прыяжджаюць, я так рада, так рада. Мне падаецца, што мой Юра тут. Я не магу ўжо перанесьці. Перажываю, перажываю. Як падумаю — куды яны яго дзелі? Можа, дзе й жывы — дзе ў якую іншую дзяржаву заперлі? Іх Гасподзь пакарае!»

«Навошта было зводзіць Юрыя са сьвету?»

З гадамі надзея Ўльляны на тое, што Юрый жывы, канчаткова згасла. Яна не сумнявалася, што раптоўнае зьнікненьне сына сталася вынікам нейкага канфлікту з Аляксандрам Лукашэнкам. Спадзявалася нават, што кіраўнік дзяржавы мусіць нешта сказаць ёй, няшчаснай маці, якая выплакала па дзецях усе сьлёзы.

Пры гэтым маці не магла ўзяць у толк, навошта было зводзіць Юрыя са сьвету, калі ўжо так карцела пакараць яго. Выглядала, што жывога Захаранку проста баяліся як уплывовага сілавіка.

Тым часам і расьсьледаваньне выкраданьня Юрыя Захаранкі ўзялі на сябе грамадзкія актывісты. Гэтым, у прыватнасьці, заняліся былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак і кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская. Яны таксама дапамагалі Ўльляне Рыгораўне зьвяртацца з заявамі ў адпаведныя органы, каб сына прызналі памерлым, а яе, Ульляну Захаранку, пацярпелай. Аднак суды адмаўляліся гэта зрабіць, нягледзячы на заявы маці, а таксама жонкі Юрыя — Вольгі, якая з дочкамі вымушана была эміграваць у Нямеччыну.

Прызнаньне памерлым як асабістая параза Лукашэнкі

Лёгіка рэжыму, праўдападобна, цалкам укладвалася ў просты альгарытм: калі прызнаць Юрыя Захаранку памерлым, трэба ў такім разе адказаць, хто вінаваты ў ягонай сьмерці. Як заўважыў аднойчы памянёны праваабаронца Воўчак: «Прызнаньне памерлым Захаранкі — гэта асабістая параза Лукашэнкі».

Ульляна Захаранка з партрэтам сына, 2009 год
Ульляна Захаранка з партрэтам сына, 2009 год

Справу па факце зьнікненьня экс-міністра, заведзеную на падставе артыкула 101 Крымінальнага кодэксу «Наўмыснае забойства», працягвалі больш за 70 разоў. Ульляна Рыгораўна пэрыядычна атрымлівала паведамленьні на паўаркуша паперы аб працягу расьсьледаваньня. Насамрэч жа яно выглядала непрыхаванай імітацыяй расьсьледаваньня, а па сутнасьці — зьдзекам над Ульлянай Захаранкай і яе мацярынскімі пачуцьцямі.

У 2017 годзе, калі Ўльляна Захаранка была яшчэ жывая, Камітэт па правах чалавека ААН вынес па яе справе рашэньне, абавязаўшы дзяржаву расьсьледаваць справу аб зьнікненьні апазыцыйнага экс-міністра і кампэнсаваць родным маральную шкоду. Аднак ніякіх рухаў у гэтым напрамку не было зроблена, бо Рэспубліка Беларусь лічыць, што рэкамэндацыі міжнародных органаў ня маюць абавязковага характару.

Справу аб зьніклых не расьсьледуюць

І вось ужо пры канцы 2018 году Беларускі дакумэнтальны цэнтар атрымаў паведамленьне са Сьледчага камітэту, што прыпынена папярэдняе расьсьледаваньне спраў аб зьнікненьні — ня толькі Юрыя Захаранкі, але і былога старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Прыпынена, бо ня выяўленая асоба, якая падлягае крымінальнаму перасьледу. Іншымі словамі, пасьля 20-гадовага расьсьледаваньня сьледчыя не ўстанавілі, каго прыцягваць у якасьці абвінавачанага ў справе гвалтоўнага зьнікненьня апанэнтаў улады. Адпаведнае паведамленьне атрымалі й сваякі зьніклых — Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, а таксама давераная асоба сям’і Захаранкі Алег Воўчак.

Ульляна Захаранка, 2014 год
Ульляна Захаранка, 2014 год

Выглядае, што сьледчых ня надта зацікавіла зьмешчаная ў адкрытым доступе інфармацыя праваабаронцаў аб тым, што ў датычнасьці да зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, а таксама тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага падазраюцца былы генэральны пракурор і былы дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў і былы камандзір СОБРу Зьміцер Паўлічэнка, якога называлі «камандзірам беларускага эскадрону сьмерці».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG