Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі ўхвалілі юбілейную дэклярацыю «Ўсходняга партнэрства». Што ў ёй


Міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства» пазуюць для групавога фатаздымку. Брусэль, 13 траўня 2019 году
Міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства» пазуюць для групавога фатаздымку. Брусэль, 13 траўня 2019 году

У Брусэлі завяршыўся першы дзень пасяджэньняў з нагоды дзесяцігодзьдзя праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Па выніках саміту была падпісана ўрачыстая дэклярацыя, аднак краіны — удзельніцы саміту вырашылі не надаваць дакумэнтам павышанага статусу.

З прычыны гэтага яго не падпісалі прадстаўнікі краінаў «Усходняга партнэрства», а пад тэкстам зьявіўся толькі подпіс кіраўніцы дыпляматыі Эўразьвязу Фэдэрыкі Магерыні.

Рашэньне было прынята праз адмову ўключыць у тэкст паднятае Азэрбайджанам пытаньне тэрытарыяльнай цэласнасьці. Гаворка ідзе аб Нагорным Карабаху, які з пачатку 1990-х гадоў кантралюецца ўрадам непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі, які падтрымлівае Армэнія.

Паведамляецца, што Ўкраіна і Грузія выказвалі прэтэнзіі наконт адсутнасьці спасылкі на імкненьне да эўрапейскай інтэграцыі асобных сяброў Усходняга партнэрства. На патрабаваньні Кіева і Тбілісі адказалі ўключэньнем у дакумэнт спасылкі на папярэднія дэклярацыі, дзе пра гэтае імкненьне ідзе гаворка.

13-14 траўня ў Брусэлі праходзіць юбілейны саміт «Усходняга партнэрства» Эўрапейскага зьвязу. Праграму ініцыявалі ў 2009 годзе. Мэта «Ўсходняга партнэрства» — стварыць рамкі для супрацоўніцтва і інтэграцыі ЭЗ з краінамі Ўсходняй Эўропы. Да чальцоў праграмы адносяцца Беларусь, Украіна, Грузія, Азэрбайджан і Армэнія.

Расея адмовілася стаць сябрам «Усходняга партнэрства», запатрабаваўшы працягнуць супрацоўніцтва з Эўразьвязам на аснове двухбаковых пагадненьняў.

У сувязі з самітам у Брусэль прыбылі лідэры ўсіх краінаў партнэрства, акрамя прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Краіну на сустрэчы прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG