Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 прапановаў Макея Брусэлю з саміту «Ўсходняга партнэрства»


Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 13 траўня выступіў на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін — удзельніц «Усходняга партнэрства» з нагоды 10-годзьдзя гэтай ініцыятывы Эўразьвязу.

Як піша прэс-служба МЗС Беларусі, Уладзімер Макей агучыў некалькі прапановаў:

  • спрасьціць гандаль з Эўразьвязам для неасацыяваных краін-партнэраў;
  • утрая павялічыць да 2030 году экспарт краін «Усходняга партнэрства» ў Эўразьвяз;
  • утрая павялічыць да 2030 году інвэстыцыі Эўразьвязу ў гэтыя краіны;
  • удвая павялічыць да 2030 году колькасьць працоўных месцаў, што стварае Эўразьвяз у краінах «Усходняга партнэрства»;
  • рэалізаваць у кожным горадзе краінаў «Усходняга партнэрства» прынамсі адзін праект Эўразьвязу ў галіне энэргаэфэктыўнасьці;
  • стварыць адмысловы банк для «Ўсходняга партнэрства» або «вакно» для праектаў ініцыятывы ў Эўрапейскім інвэстыцыйным банку;
  • прыбраць «штучныя фармальнасьці» пры перасячэньні мяжы з Эўразьвязам, празь якія, паводле Макея, людзі мусяць стаяць у чэргах па 10 гадзін, а грузавыя машыны – па некалькі дзён;
  • распрацаваць рэгіянальнае пагадненьне пра абарону прыватных зьвестак (верагодна, накшталт GDPR, які дзейнічае ў Эўразьвязе);
  • заснаваць у Менску IT-школу «Ўсходняга партнэрства» накшталт той, якая дзейнічае ў Тбілісі;
  • правесьці ў Менску «мерапрыемствы высокага ўзроўню» з нагоды 10-годзьдзя «Ўсходняга партнэрства».

Як іншыя адрэагавалі на прапановы Макея, не паведамляецца.

Акрамя таго, Макей

  • падтрымаў рэалізацыю буйных інфраструктурных праектаў у межах пляну інвэставаньня ў трансэўрапейскую транспартную сетку;
  • падкрэсьліў важнасьць дадатковых высілкаў дзеля падтрымкі прадпрымальніцтва, малых і сярэдніх прадпрыемстваў;
  • абмеркаваў на працоўным ланчы пытаньні рэгіянальнай бясьпекі і правёў шэраг сустрэчаў з калегамі-міністрамі з Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства»;
  • запрасіў партнэраў на Эўрапейскія гульні ў Менску.

Ён таксама выказаў спадзяваньні на тое, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам і дамова аб рэадмісіі будуць падпісаныя да канца году, перадае Tut.by. Таксама ён адзначыў, што «трэба працаваць» над тым, каб заключыць асноўнае пагадненьне аб супрацы і партнэрстве Беларусі з Эўразьвязам.

Дэклярацыю не падпісалі

Выніковая дэклярацыя па выніках сустрэчаў не была падпісаная. Як перадае БелаПАН, міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што ў краінаў «Усходняга партнэрства» выявіліся «розныя амбіцыі і чаканьні: ня ўсім падабаецца самы нізкі ўзровень дамоваў». Паводле неафіцыйных зьвестак, падпісаньне дэклярацыі заблякаваў Азэрбайджан.

Тэкст, які меўся быць супольнай дэклярацыяй, абнародаваны як заява вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні.

Лінкявічус таксама адзначыў, што краіны «Ўсходняга партнэрства» зазнаюць ціск з боку Расеі за свой выбар — згадаў канфлікты ў Прыднястроўі, Грузіі і Ўкраіне, расейскую акупацыю ўкраінскага Крыму.

Беларусь перажывае ціск Расеі зь іншых прычынаў, дадаў ён: дамове аб «саюзнай дзяржаве» больш за 20 гадоў, а «нічога новага» адносна дамовы не адбывалася, таму ў апошнія месяцы «мы бачым працэс інтэграцыі дэ-факта».

Акрамя таго, Лінкявічус адзначыў, што перамовы па рэадмісіі «ўжо завершаныя», а ў спрашчэньні візавага рэжыму зацікаўленая ў тым ліку і Літва. Ён нагадаў, што Беларусь і Літва яшчэ не пачалі рэалізоўваць пагадненьне аб малым памежным руху (спрашчэньне пераходу мяжы для жыхароў зоны ў 50 км паабапал мяжы), а Літва завяршыла неабходныя заканадаўчыя працэдуры па ім яшчэ ў 2011 годзе.

«Усходняе партнэрства» — гэта праект Эўразьвязу, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Стартаваў у 2009 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG