Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прайшоў чарговы малебен


Ва ўрочышчы Курапаты 12 траўня прайшоў чарговы малебен з удзелам каля паўтара дзясятка чалавек.

Сярод удзельнікаў традыцыйнага нядзельнага мерапрыемства ва ўрочышчы былі актывісты Вячаслаў Сіўчык, Ніна Багінская, Зьміцер Марчук. Яны чыталі вершы, сьпявалі песьні.

Малітву прачытаў сьвятар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенці.

Удзельнікі набажэнства выказалі надзею, што ўлады ў бліжэйшым часе адкрыюць архівы КДБ і сьпісы рэпрэсаваных.

Як адзначыў у камэнтары агенцтву БелаПАН лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, «так атрымалася, што Курапаты — гэта сымбаль пакут Беларусі ад камуністычных рэпрэсій». «У нас закрытыя архівы, не даюць зьвестак пра ахвяраў камуністычнага кіраваньня. У нас дагэтуль ^[дзяржаўная служба бясьпекі называецца^] КДБ, у адрозьненьне ад астатніх краін. Нацыянальны нэкропаль „Курапаты“ людзі стварылі самі, насуперак уладам. Гэта сакральнае месца, якое належыць і папярэднім пакаленьням беларусаў, і цяперашняму».

Характэрна, што падчас сёньняшняй малітвы супрацоўнікаў праваахоўных органаў у Курапатах заўважана не было.

Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасьля таго, як 4 красавіка тут паводле рашэньня ўладаў былі зьнесеныя і вывезеныя ў невядомым кірунку 70 шасьцімэтровых крыжоў. Гэтыя дзеяньні выклікалі нэгатыўны рэзананс у грамадзтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсіяў.

З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так або інакш зьвязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку зь іх судзілі, пакараўшы адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў адміністрацыю прэзыдэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.

Аднак 13 красавіка былі зьнесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 мэталічныя, усталяваныя ў 2017 годзе на грошы грамадзкасьці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG