Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заклікаў Раду не даваць Парашэнку прызначаць сваіх людзей


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Абраны прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі запісаў відэа, у якім заклікаў дэпутатаў Вярхоўнай Рады прызначыць інаўгурацыю на 19 траўня, гэта значыць праз 9 дзён.

Гэта, паводле яго, неабходна зрабіць, каб «ня даць уладзе, якая сыходзіць, зьдзяйсьняць неабдуманыя кадравыя перастаноўкі» у апошнія дні знаходжаньня на пасадзе. Відэазварот паказаў украінскі тэлеканал NewsOne, таксама яго разьмясьціла ў сацсетках каманда Зяленскага.

«Ён мне нагадвае турыста ў эгіпэцкім гатэлі, які заўтра зьедзе дадому і трымае ў кішэні дзьве дулі, — заўважыў Зяленскі аб дзеючым прэзыдэнце Парашэнку. — Забірае з сабой ручнікі, пантофлі і ўсё запар са швэдзкага стала».

Зяленскі заявіў, што пакуль Рада зацягвае працэс яго інаўгурацыі, а дэпутаты «трасуцца за свае мандаты», дзейны прэзыдэнт Парашэнка «зьдзяйсьняе незваротныя рэчы». У прыватнасьці, ён спрабуе пасьпець прызначыць ляяльных сабе людзей у дзяржаўныя структуры:

  • праводзіць актыўныя перастаноўкі ў вышэйшым камандаваньні арміі,
  • спрабуе прызначыць свайго кіраўніка Нацыянальнага рады па тэлебачаньні і радыёвяшчаньню,
  • прызначае ляяльных сабе судзьдзяў у Вярхоўны суд,
  • «раздае званьні генэралаў»,
  • дае Героя Ўкраіны кіраўніку Службы бясьпекі Ўкраіны Васілю Грыцаку (гэта адбылося 9 траўня).

«Я вас вельмі прашу: здайце ключ і расплаціцца за міні-бар, — зьвярнуўся Зяленскі да Парашэнкі. — І едзьце: вам яшчэ мытны і пашпартны кантроль праходзіць».

«На бліжэйшым пасяджэньні вы павінны прызначыць дату інаўгурацыі на 19 траўня, — кажа Зяленскі ў відэа, зьвяртаючыся да дэпутатаў Рады. — Гэтага патрабую ня я, гэтага патрабуе народ Украіны, у інтарэсах якога вы прымалі прысягу, чые словы я вам нагадваю. Але пакуль што вы дзейнічаеце ў сваіх інтарэсах. Вы павінны спыніць гэтыя палітычныя сутаргі кульгавай качкі».

Зяленскі раней ужо напісаў ліст сьпікеру Вярхоўнай Рады Андрэю Парубію з прапановай правесьці інаўгурацыю 19 траўня, патлумачыўшы гэта неабходнасьцю пазьбегнуць «вакууму ўлады». Але дата цырымоніі дагэтуль не прызначаная. Магчымымі варыянтамі прывядзеньня Зяленскага да прысягі называліся 28 траўня і пачатак чэрвеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG