Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады М’янмы вызвалілі журналістаў Reuters пасьля 500 дзён у турме


Вызваленыя журналісты

У Мʼянме вызвалілі паводле амністыі двух журналістаў агенцтва Reuters, асуджаных на сем гадоў турмы з абвінавачваньня ў парушэньні закону аб дзяржаўнай таямніцы. Ва Лон і Сое Оо былі арыштаваныя ў сьнежні 2017 году падчас працы над матэрыялам аб забойствах мусульман-рагінг’я ў краіне і правялі ў зьняволеньні больш як 500 дзён.

Галоўны рэдактар Reuters Стывен Адлер вітаў вызваленьне журналістаў, падкрэсьліўшы важнасьць свабоды прэсы, сымбалямі якой сталі яго калегі.

Вызваліць журналістаў патрабавалі ў ААН, Эўразьвязу і шэрагу міжнародных арганізацый. У красавіку Вярхоўны суд Мʼянмы пакінуў у сіле вынесены ім прысуд. Гэтае рашэньне раскрытыкавалі ў Міжнародным камітэце абароны журналістаў.

У жніўні 2017 году ісламісты з групоўкі «Войска выратаваньня рагінг’я Аракану» напалі на супрацоўнікаў паліцыі Мʼянмы і забілі некалькі чалавек. У адказ урадавыя войскі пачалі сілавую апэрацыю ў штаце Ракхайн на поўначы краіны. У рэгіёне пачаўся перасьлед мясцовых мусульман-рагінг’я, каля 650 тысяч зь іх вымушаныя былі ўцячы ў суседні Банглядэш.

Два журналісты Reuters расьсьледавалі дачыненьне вайскоўцаў да забойства дзесяці мусульман на поўначы Ракхайну. Расьсьледаваньне было даведзенае да канца пасьля арышту журналістаў, у тэксьце паказваецца на дачыненьне арміі да злачынства і запісаныя сьведчаньні ўдзельнікаў расправы над мусульманамі. У красавіку матэрыял быў ганараваны Пулітцэраўскай прэміяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG