Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад М’янмы абвясьціў пра пачатак рэпатрыяцыі мусульман-рагінг’я

Уцекачы з М'янмы на тэрыторыі Банглядэшу. Здымак, прапанаваны на міжнародны конкурс World Press Photo - 2018
Уцекачы з М'янмы на тэрыторыі Банглядэшу. Здымак, прапанаваны на міжнародны конкурс World Press Photo - 2018

Улады М’янмы заявілі аб рэпатрыяцыі першай сям’і мусульман-рагінг’я, якія уцяклі ў суседнюю краіну Банглядэш, каб выратавацца ад жорсткіх рэпрэсій праваахоўнікаў і вайскоўцаў М’янмы.

Як паведамляе агенцтва AFP, агулам з М’янмы ў Банглядэш уцяклі 700 тысяч рагінг’я. Праваабаронцы раскрытыкавалі цяперашнія дзеяньні ўладаў, сьцьвярджаючы, што гаворка ідзе пра прапагандысцкую апэрацыю, якая ня ўлічвае пагрозу бясьпецы і жыцьцю мусульман, якія вернуцца ў М’янму пасьля таго, як ім прыйшлося ратавацца ў суседняй краіне.

Мусульмане рагінг’я, якія ня маюць сваёй дзяржавы, трапілі ў жніўні 2017 года пад жорсткую кампанію рэпрэсій і гвалту з боку ўладаў М’янмы. ААН асудзіла М’янму, заявіўшы, што перасьлед рагінг’я па сваёй жорсткасьці можа кваліфікавацца як этнічныя чысткі. Аднак улажы М’янмы адпрэчылі абвінавачваньні, заявіўшы, што вайскоўцы праводзілі апэрацыю супраць узброеных паўстанцаў.

Аун Сан Су Чжы, нобэлеўская ляўрэатка і адна з навышэйшых кіраўнікоў М’янмы, у верасьні 2017 году ўпершыню выступіла ў сувязі з уцёкамі сотняў тысяч мусульман у суседні Банглядэш. Яна асудзіла парушэньні правоў чалавека і паабяцала, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да суду. Да верасьня Аун Сан Су Чжы не заяўляла аб сваёй афіцыйнай пазыцыі ў сувязі з крызісам. Гэта выклікала крытыку з боку сусьветных лідэраў.

Банглядэш і М’янма абвясьцілі ў пачатку году аб рэпатрыяцыі ўцекачоў, аднак выкананьне гэтага пляну некалькі разоў адкладалася.

XS
SM
MD
LG