Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бясконцы канцэрт». Навошта незалежныя журналісты ўдзельнічалі ў дзяржаўнай выставе «СМІ ў Беларусі»


Адкрыцьцё выставы «СМІ ў Беларусі — 2019». Стэнд БАЖ. Паўлюк Быкоўскі, Вадзім Мажэйка, Андрэй Бастунец, Аляксандар Старыкевіч

Сёлета на дзяржаўнай выставе «СМІ ў Беларусі», упершыню за 23 гады, прадстаўлена Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Ці ёсьць карысьць ад гэтага ўдзелу, спыталася Свабода ў прадстаўнікоў незалежных мэдыяў.

На стэндзе БАЖ правёў дыскусію пра месца Беларусі ў рэйтынгах свабоды слова. З наведнікамі сустрэліся галоўныя рэдактары незалежных выданьняў і інтэрнэт-рэсурсаў: «Народнай Волі», «Нашай гісторыі», «Новага часу», Tut.by.

Ёсіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газэты «Народная Воля»:

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

«Пераканаўся яшчэ раз у тым, што казаў раней: дарэмна дзяржава траціць вялікія сродкі на такія мерапрыемствы. Каго там трэба сёньня агітаваць за тую ці іншую газэту, той ці іншы сайт? Наступілі зусім іншыя часы. Самі газэты і сайты сваёй працай мусяць гэта рабіць, дамагацца папулярнасьці ў спажыўцоў іх паслуг.

Выстава называецца міжнародная, але што цікавага мы там можам сьвету прадэманстраваць? Нічога. І які абмен думкамі ці вопытам можа быць у нас, скажам, з расейскімі ідэалягічнымі інстытутамі? У іх свае інтарэсы, у нас свае.

Як я ўбачыў, проста ўсё ператвараецца ў шоў, у бясконцы канцэрт. Добра б было, каб гэта нічога не каштавала, але калі дзяржава губляе на гэтым дзясяткі тысяч даляраў, дык прабачце. Таму я і ня бачу сэнсу ў такіх выставах, тым больш для недзяржаўных выданьняў. Які плён ад праведзенай тут сёньня сустрэчы, на якую прыйшло 10 чалавек? Кожны дзень у рэдакцыі прымаю ў шмат разоў болей. Дзякуй, канечне, людзям, што прыйшлі, але ўсё ж маё меркаваньне пра саму выставу ад гэтага не зьмянілася».

Аляксандар Старыкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць»:

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

«Гэта першы для БАЖ досьвед удзелу ў гэтай выставе. Відавочна, што арганізацыя мусіць быць прадстаўленая на агульнанацыянальных форумах па сваёй тэматыцы. Ці было гэта карысна? Мяркую, прааналізуем пасьля заканчэньня выставы. Аднак спадзяюся, што прадстаўніцтва незалежнай прэсы на такой імпрэзе будзе год ад году павялічвацца».

Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Магчыма, трэба будзе зьмяніць фармат нашага ўдзелу. Па ўражаньнях ад таго, што мы тут убачылі, гэта своеасаблівы паказальнік дзяржаўнай стабільнасьці, які мы крыху парушылі сваім удзелам.

Штогод яны праводзяць гэтую выставу на пачатку мая, і штогод з асноўных тэмаў тут — тэма Перамогі, вызваленьня Беларусі, дэманстрацыя прапагандысцкіх магчымасьцяў. Але наша парада арганізатарам — трэба павярнуцца да новых формаў журналістыкі, адысьці ад штампаў і больш улічваць тое, што на інфармацыйнай прасторы ўжо дамінуе інтэрнэт.

Што да ўдзелу недзяржаўных мэдыяў, тут карысьць вызначаюць яны самі. Прыкладам, сустрэча чытачоў з галоўным рэдактарам „Народнай Волі“ мне падалася карыснай для выданьня, бо яму давялося пачуць і крытычны погляд».

Андрэй Дынько, рэдактар часопіса «Наша гісторыя»:

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

«Напярэдадні свайго выступу на пляцоўцы выставы я напісаў у „Фэйсбуку“, што не разумею, у чым практычны сэнс гэтай выставы. Але мяне запрасілі — мусіў прыйсьці і выступаць перад некалькімі людзьмі. Аднак уражаньні тыя ж: яны мне на вуха нешта крычалі, я ім крычаў, ахрып за паўгадзіны. Для такіх сустрэч там шумна і нязручна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG