Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва забараніла ўезд расейскаму сьпеваку Лепсу


Грыгорый Лепс

Літва забараніла ўезд расейскаму сьпеваку Грыгорыю Лепсу (Лепсвэрыдзэ), паведамляе канал LRT. Адпаведнае распараджэньне падпісаў міністар унутраных справаў краіны Эймуціс Місюнас на запыт МЗС.

Намесьнік міністра замежных справаў Дарус Скусявічус патлумачыў агенцтву BNS, што такая прапанова была прынятая на падставе ўключэньня Лепса ў санкцыйны сьпіс ЗША ў 2013 годзе. Вашынгтон абвінавачвае музыку ў сувязях з расейскай арганізаванай злачыннасьцю.

Сам Лепс свае сувязі са злачыннасьцю адмаўляе. У 2013 годзе ён заявіў, што лічыць сябе законапаслухмяным грамадзянінам. «Калі кіраўніцтва міністэрства фінансаў ЗША лічыць, што я злачынец, дык няхай тады выкапае Фрэнка Сынатру і яго яшчэ пасадзіць у турму», — сказаў ён.

Грыгорый Лепс — савецкі і расейскі сьпявак, выканаўца расейскага «шансону» і поп-музыкі. У 2018 годзе расейскае выданьне часопісу Forbes уключыла яго на 4 месца ў сьпіс галоўных зорак расейскага шоў-бізнэсу. Паводле выданьня, стаць пасьпяховым музыку дапамагло сяброўства з расейскімі мільярдэрамі Іскандэрам Махмудавым і Андрэем Бакаровым, якіх гішпанская пракуратура падазравала ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю.

У 2012 годзе Лепс удзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі Ўладзіміра Пуціна і быў яго даверанай асобай на выбарах прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG