Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унівэрсальны геній эпохі Адраджэньня. Беларускі погляд на Леанарда да Вінчы, які памёр 500 гадоў таму


Ленарда да Вінчы

2 траўня споўнілася 500 гадоў, як памёр італьянскі мастак Леанарда да Вінчы. На думку многіх дасьледчыкаў, гэта адна з найвялікшых асобаў у гісторыі чалавецтва.

Леанарда меў вялізную колькасьць розных талентаў — як пісьменьнік, музыка, скульптар. Акрамя таго, быў яшчэ і выдатным навукоўцам — інжынэрам, канструктарам, архітэктарам, астраномам, анатамам. Але найперш яго ведаюць як мастака.

Вяршыняй жывапісу майстра лічацца творы, назвы якіх вядомыя ўсім: «Мона Ліза», «Тайная вячэра», «Дама з гарнастаем», «Мадона ў скалах», «Збаўца сьвету» ды іншыя. Плюс шматлікія фрэскі ў саборах і дасканалая графіка.

Адны з найстарэйшых беларускіх мастакоў, заснавальнікі суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін і Мікола Купава падзяліліся са Свабодай бачаньнем сусьветнай значнасьці асобы Леанарда да Вінчы.

Марачкін: «Мона Ліза» мае прывілей сама выбіраць, каго ўражваць, а каго не

Аляксей Марачкін расказаў, што бачыў некалькі арыгінальных твораў Леанарда да Вінчы, і ўсе яны пакінулі ўражаньне мастацкай «бездакорнасьці».

Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін

«Безумоўна, самая вядомая праца — „Мона Ліза“, або „Джаконда“. Мне пашчасьціла пабачыць яе ў арыгінале ў Луўры. Ажыятаж вакол карціны заўсёды суправаджаўся анэкдатычнымі гісторыямі, мне найбольш даспадобы ад пісьменьніка Ільлі Эрэнбурга, які пажыў у Францыі. Дык вось, калі ён упершыню ўбачыў партрэт, літаральна „страціў дар маўленьня“. А ягоны знаёмы сказаў, што „абсалютна ня ўражаны“. На што Эрэнбург адказаў: ведаеш, „Джаконда“ за свой век пабачыла столькі тых, хто на яе паглядзеў, што ўжо сама выбірае, каго ўражваць, а каго ня ўражваць».

Знаёмства з «Монай Лізай», кажа Аляксей Марачкін, здарылася ўжо ў дарослым узросьце, калі ўпала жалезная заслона і ўчорашнія савецкія людзі атрымалі магчымасьць выяжджаць за мяжу. Але яшчэ будучы студэнтам, ён упершыню пабачыў адну з прац Леанарда да Вінчы ў Эрмітажы.

«Яшчэ ў маладосьці пабачыў у Ленінградзе „Мадону зь дзіцем“ — найвыдатнейшую працу ва ўсіх сэнсах, быў проста зачараваны... Чалавек унікальнай эпохі, эпохі Адраджэньня. Прарыў ня толькі ў мастацтве, а шмат у якіх галінах навукі, тэхнікі. Магу сказаць, што ў пэўным сэнсе наступнікам вялікага італьянца быў Язэп Драздовіч, якога часьцяком называюць „беларускім Леанарда“. Таксама і маляваў, і займаўся скульптурай, археалёгіяй, космасам. Не магу сказаць, што такой жа адпаведнай велічыні, але для нас, беларусаў, гэта таксама Асоба».

Купава: Леанарда да Вінчы меў фантастычныя прадбачаньні

Мікола Купава пагаджаецца з думкай адмыслоўцаў, што Леанарда да Вінчы — адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў чалавецтва за ўсю гісторыю.

Мікола Купава
Мікола Купава

«З аднаго боку, дзень сьмерці Леанарда да Вінчы — сумная дата. А з другога, ён адносіцца да сонму людзей, якія жывуць вечна. Падставай да гэтага ягоная вялікая, тытанічная дзейнасьць у многіх сфэрах. Нават тое, што ён акрэсьліў толькі ў эскізах, да сёньня здаецца фантастычным прадбачаньнем. Гэта пры тым, што шмат ягонай мастацкай і праектнай спадчыны загінула, не дайшло да нас. Але тыя шэдэўры, якія захоўваюцца ў сусьветных музэях, сьведчаць пра неверагодныя грані ягонага таленту. Асабіста для мяне гэта бесьпярэчны арыентыр».

Калі пра некаторых выдатных асобаў кажуць, што такія нараджаюцца адзін на мільён, то ў выпадку зь Леанарда да Вінчы, перакананы Мікола Купава, падобныя параўнаньні будуць неадпаведнымі рэальнаму памеру ягонай шматграннай фігуры.

«Калі спрабаваць ацаніць ягоны талент, то гэта асоба бескаштоўная. Велічыня, да якой цягнуцца і цягнуцца, і яшчэ ня значыць, што калі-небудзь дацягнемся. Але дзякуй Богу, што такія людзі былі: акрамя Леанарда, можам прыгадаць і Мікелянджэла, і Рафаэля, і іншых выдатных творцаў. Наогул італьянская зямля таго пэрыяду высокага Адраджэньня — сапраўдная скарбонка ўнікальных імёнаў і дасягненьняў. Таму сёньня застаецца толькі схіліцца перад спадчынай да Вінчы і прызнаць, што гэта постаць вечная».

Цывілізацыйныя дасягненьні Леанарда

Леанарда да Вінчы небеспадстаўна лічаць ці не найбольшым прарокам тэхнічнага прагрэсу.

Сярод ягоных вынаходак — прататып аўтамабіля: «воз», які рухаецца не на конскай цязе, а за кошт узаемадзеяньня спружын з коламі. Сучасныя канструктары па чарцяжах 500-гадовай даўнасьці зрабілі копію транспартнага сродку, які сапраўды здольны перамяшчацца самастойна.

Леанарда ўсё жыцьцё мроіў пра неба, таму ня дзіўна, што менавіта яму прыйшла ідэя распрацаваць канцэпт цяперашняга верталёта, якім мусіла кіраваць каманда з чатырох чалавек. У гэтым жа шэрагу параплян з рухомымі крыламі (па аналёгіі з птушкай). Што здавалася неверагодным у XVI стагодзьдзі, стала рэальнасьцю празь некалькі пакаленьняў.

Леанарда да Вінчы, аўтапартрэт
Леанарда да Вінчы, аўтапартрэт

У галіне будаўніцтва ён аўтар канцэпцыі дасканалага «двухузроўневага гораду», які забясьпечваў бы перадусім санітарную бясьпеку. У верхняй частцы з жылой нерухомасьцю перасоўваліся б пешыя жыхары, ніжняя аддавалася для грузавога транспарту і падсобных памяшканьняў. Многія сучасныя ўрбаністы лічаць, што сёньняшнія гарады трэба праектаваць менавіта так.

Зрабіў да Вінчы свой унёсак і ў ваенную галіну, хоць і быў чалавекам цывільным. Напрыклад, мадэль моста, які круціцца. Канструкцыя зь лёгкіх матэрыялаў, замацаваная да канатна-ролікавай сыстэмы, дазволіла б войску мабільна пераадольваць перашкоды і спыняць непрыяцеля перад ракой ці прорвай.

Дасьледчыкі знайшлі рысунак Леанарда да Вінчы, на якім угадваецца падводная лодка. Праўда, сваёй рукой напісаў, што сьвядома ня будзе ўдасканальваць праект, каб некаму не захацелася выкарыстаць адкрыцьцё ў злых мэтах.

У ягоных архівах таксама знайшлі правобраз сучаснага танка — «баявы воз», які прыводзілі ў рух сем чальцоў экіпажу. Як і ў выпадку з субмарынай, праект з гуманных меркаваньняў застаўся толькі на паперы.

Яшчэ адна распрацоўка — кулямёт. У той час стральба з агнястрэльнай зброі патрабавала пастаяннай перазарадкі, што ў экстрэмальнай сытуацыі магло каштаваць жыцьця. Леанарда прыдумаў шматствольную зброю, якая мусіла страляць і перазараджацца адначасова.

Ён сканструяваў скафандар для ныраньня. Гэта быў касьцюм са скуры з замацаванай дыхальнай трубкай і званочкам для інфармаваньня пра патрэбу падняць з глыбіні.

І, вядома ж, адной зь візытовак Леанарда да Вінчы стаў «ідэальны» вітрувіянскі чалавек, створаны для вызначэньня прапорцый чалавечага (мужчынскага) цела, як яно апісана ў трактатах антычнага рымскага архітэктара Вітрувія. Гэты рысунак сёньня пазнавальны ўсімі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG