Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне ўшанавалі памяць ахвяраў менскага гета. ФОТА


Дзярждэпартамэнт ЗША і МЗС Беларусі ў Дзень памяці ахвяраў Галакосту ўпершыню правялі супольную імпрэзу, прысьвечаную памяці ахвяраў Менскага гета. Імпрэза прайшла ў Вашынгтоне 1 траўня.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, у сустрэчы прынялі ўдзел больш за 100 чалавек, сярод іх прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту і іншых органаў дзяржаўнага кіраваньня ЗША, габрэйскіх арганізацый, дыпляматы, журналісты. Адмысловымі гасьцямі сталі былы вязень Менскага гета, падпольшчык, вэтэран вайны Савелій Каплінскі і Сьвятлана Гебелева, дачка кіраўніка падпольля ў Менскім гета Міхаіла Гебелева.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

​Да ўдзельнікаў імпрэзы зьвярнуліся намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і выканаўца абавязкаў памочніка Дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Філіп Рыкер.

У залі Цэнтру дыпляматыі Дзярждэпартамэнту зрабілі тэматычную фотавыставу на аснове матэрыялаў, якія падрыхтаваў Беларускім дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава будзе працаваць на працягу наступнага тыдня.

Алег Краўчанка (зьлева) і Філіп Рыкер
Алег Краўчанка (зьлева) і Філіп Рыкер

Пасьля прагляду фільма «Хроніка Менскага гета» прайшла інтэрактыўная дыскусія з Савеліем Каплінскім, які адказаў на шматлікія пытаньні ўдзельнікаў.

«Памятная падзея дазволіла прыцягнуць увагу амэрыканскай і міжнароднай грамадзкасьці да сыстэмных намаганьняў беларускай дзяржавы па захаваньні памяці пра ахвяраў і герояў Другой сусьветнай вайны», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG