Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайшло 75 гадоў, але дагэтуль няма музэю Менскага гета


Менскае гета на нямецкай мапе

Леанід Сьмілавіцкі

У кастрычніку сёлета спаўняецца 75 гадоў ад часу ліквідацыі Менскага гета. Як ні сумна ўсьведамляць, але мінулыя 75 гадоў — гэта час страчаных магчымасьцяў, каб захаваць і асэнсаваць гісторыю гета ў Менску, самага вялікага на тэрыторыі Савецкага Саюзу ў межах 1939 году. Мы спахапіліся, калі не засталося тых, каму ўдалося выжыць, хто мог бы расказаць і паказаць, дзе і як усё адбывалася, адказаць на пытаньні, растлумачыць...

Я пражыў у Менску ад 1955 да 1992 году і нічога ня ведаў пра гісторыю гета, нягледзячы на тое, што скончыў гістарычны факультэт і абараніў дысэртацыю. І ня я адзін. Зьвесткі пра гета былі далёка схаваныя, у падручніках пра гэта не пісалі, настаўнікі не расказвалі, ня кажучы ўжо пра тое, каб праводзіць спэцкурсы, здымаць кінафільмы, пісаць раманы, праводзіць навуковыя дасьледаваньні. І гэта ў Беларусі, адной з найбольш пацярпелых ад вайны рэспублік у былым СССР. Насельніцтва рэспублікі да ліпеня 1944 году зьменшылася з 10 мільёнаў да 6,5 мільёнаў чалавек. Але пра тое, што з 3,5 мільёнаў, якіх не далічылася Беларусь, амаль 800 тысячаў акладалі яўрэі, не казалі і не пісалі...

Зьвесткі пра гета былі далёка схаваныя, у падручніках пра гэта не пісалі

Пасьля вайны ўсе ведалі, што нацысты забівалі яўрэяў, але не маглі адказаць, чаму? Задайце сёньня мінаку на вуліцы такое пытаньне, якім будзе адказ? Таму што ненавідзелі! Але хіба нацысты забівалі ўсіх, каго яны ненавідзелі, уключаючы дзяцей у калысцы? Заўсёды і ўсюды? Акрамя яўрэяў?

Пасьля 1991 году, калі Беларусь здабыла сваю незалежнасьць, гісторыкі, пісьменьнікі, журналісты, краязнаўцы, музейшчыкі і архівісты зрабілі многае, каб адкрыць і захаваць самую горкую старонку ў гісторыі краіны. Да распаду СССР першы і апошні раз праўда пра Менскае гета і Галакост на старонках афіцыйнай навуковай літаратуры ў рэспубліцы прагучала... у кнізе «Ўсенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў», якая ўбачыла сьвет пад аўтарствам Лаўрэнція Цанавы ў Менску ў 1949 годзе.

Люты 1942 году, менскія габрэі прыбіраюць сьнег на чыгуначным вакзале
Люты 1942 году, менскія габрэі прыбіраюць сьнег на чыгуначным вакзале

Пасьля гэтага ў Менску нельга было нават знайсьці згадкі пра гета ў падручніках, як школьных, так і ўнівэрсытэцкіх, або ў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі. Але былі яшчэ жывыя, хто ўратаваўся і каго ўратавалі, беларусы і расейцы, якія з рызыкай для жыцьця хавалі яўрэяў. Яўрэі, што ўцяклі з гета, арганізавалі 4 першыя партызанскія атрады. Дый наогул да лета 1942 году партызанскі рух Беларусі ў значнай частцы быў «яўрэйскім», паколькі складаўся амаль выключна зь яўрэяў, камуністаў і камсамольцаў, пакінутых для падпольнай працы ў тыле ворага, савецкіх ваеннапалонных і акружэнцаў.

Працу згарнулі, вынікі засакрэцілі

Дакумэнты і ўспаміны вязьняў гета ў Менску работнікі Інстытуту гісторыі АН БССР упершыню пачалі зьбіраць у сувязі 30-годзьдзем Перамогі ў 1975 годзе. Аднак потым гэтую працу згарнулі, а вынікі засакрэцілі, пакуль у пачатку 1990-х гадоў гэтыя матэрыялы не патрапілі ў Яд Вашэм.

За апошнія 25 гадоў гісторыкі многае пасьпелі зрабіць, каб напісаць гісторыю гета ў Менску зь ліпеня 1941-га да кастрычніка 1943 году. Больш за іншых зрабілі Гірш Смоляр («Мсьціўцы гета», 1947) Ганна Краснапёрка («Лісты маёй памяці», 1989), Давід Гай («Дзясяты круг», 1991). Потым былі кнігі і зборнікі дакумэнтаў па гісторыі Галакосту на тэрыторыі Беларусі. Свае працы выдалі Эмануіл Іофэ, Вячаслаў Селяменеў, Іна Герасімава, Генадзь Віньніца, Абрам Рубенчык, Аляксандр Розэнбэрг, Барбара Эпштэйн. Але найбольш поўным на сёньняшні дзень можа лічыцца аналітычны агляд аб Менскім гета Даніла Раманоўскага ў Расейскай энцыкляпэдыі «Галакост на тэрыторыі СССР».

Пачынаючы з 2002 году, вялікую працу па вывучэньні і захаваньні памяці аб Менскім гета праводзіць Гістарычная майстэрня (вул. Сухая, д.25). У яе сьценах на нямецкія грошы вядзецца пасьлядоўная навуковая, асьветніцкая, адукацыйная і выдавецкая дзейнасьць па ўсьведамленьні трагедыі яўрэяў Беларусі.

Мэмарыял «Яма» на месцы масавых растрэлаў у Менскім гета
Мэмарыял «Яма» на месцы масавых растрэлаў у Менскім гета

У 2011 годзе Сяргей Тукала, выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага унівэрсытэту, двойчы спрабаваў абараніць дысэртацыю па гісторыі Менскага гета, якую прэзыдыюм ВАК (Вышэйшай атэстацыйнай камісіі) Беларусі адхіляў як неадпаведную агульнадзяржаўнай канцэпцыі, прынятай у Беларусі пры асьвятленьні гісторыі Вялікай айчыннай вайны.

Чыноўнікі адводзяць вочы, лічаць сябе ні пры чым - маўляў, гэта трэба адным яўрэям

У 2014 годзе ў Менску на сродкі прыватнага спонсара выйшаў зборнік «Памяць і час» пра барацьбу вязьняў Менскага гета, удзел яўрэяў у партызанскім руху і Чырвонай Арміі. Але першы выпуск так і застаўся апошнім у абяцанай сэрыі з прычыны адсутнасьці сродкаў.

Калі я чую адгаворку «няма грошай», робіцца крыўдна, бо да гэтага часу дзяржаўныя, навуковыя і асьветніцкія структуры Беларусі застаюцца ў баку ад вырашэньня гэтай задачы. Чыноўнікі адводзяць вочы, лічаць сябе ні пры чым. Маўляў, гэта трэба адным яўрэям, дык хай яўрэі і паклапоцяцца.

Справа ня ў тым, ці хопіць у маленькага Ізраіля, які змагаецца сёньня за сваё выжываньне, сродкаў на аднаўленьне гістарычнай памяці ў краінах расьсеяньня (напісаньне гісторыі абшчынаў, ўсталяваньне помнікаў ахвярам Галакосту, аднаўленьне могілак і інш.). Гэта тысячы абшчынаў, зьнішчаных нацыстамі ў краінах Усходняй Эўропы, у тым ліку больш за 600 у адной Беларусі.

Гісторыі Менскага гета была прысьвечаная мая першая навуковая праца пасьля прыезду ў Ізраіль (The Minsk Ghetto: An Issue of Jewish Resistance, // Shvut, Studies in Russian and East European Jewish History and Culture. New Series, No 1-2 (17-18 ) 1995, pp. 177-199. Tel Aviv University). Потым зьявілася і першая кніга ў Ізраілі «Катастрофа яўрэяў у Беларусі, 1941-1944 гг. (Тэль-Авіў, 2000), дзе быў асобны разьдзел пра Менскае гета.

Нягледзячы на тое многае, што за апошнія 30 гадоў было зроблена ў асьвятленьні гістарычнай праўды пра пакуты і барацьбу вязьняў-яўрэяў у Менску, нельга сьцьвярджаць, што гэтая праца завяршылася.

Новы Музэй Вялікай айчыннай вайны ў Менску
Новы Музэй Вялікай айчыннай вайны ў Менску

Не ўвянчаліся посьпехам слабыя спробы асьвятліць гісторыю Галакосту на тэрыторыі Беларусі ў Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай айчыннай вайны, які атрымаў да 70-годзьдзя Перамогі раскошны і манумэнтальны будынак.

Сёньня ў жывых засталіся адзінкі з тых, хто перажыў Менскае гета

Дагэтуль застаюцца невядомымі сьведчаньні, якія паказваюць, як шмат яшчэ трэба зразумець і асэнсаваць. Прывяду толькі адзін прыклад — гэта лісты былых вязьняў Менскага гета, якія выжылі дзякуючы сваёй мужнасьці і імкненьню расказаць праўду пра пакуты, адпомсьціць ворагу за сьмерць свайго народу. Гэтыя людзі сталі партызанамі, а потым салдатамі і камандзірамі Чырвонай Арміі, якая вызваліла Беларусь, і пайшлі дабіваць ворага на Захад.

Частка гэтых лістоў, дзёньнікаў, як і прадметаў асабістага паходжаньня ўжо сабраная ў рамках праекту «Незапатрабаваная памяць» пры Тэль-Авіўскім унівэрсытэце. Я выкарыстоўваю іх у новай кнізе «Яўрэі на вайне. Перапіска паміж фронтам і тылам, 1941-1945 гг.», над якой цяпер працую. Назаву толькі асобныя імёны аўтараў гэтых лістоў: Самуіл і Лазар Кац, Соф’я Рубінштэйн, Леанід і Зінові Савікоўскія і Рыва Сосланд, Ганна Каснапёрка, Мэндэль Левін, Сара Левіна, Аркадзь (Арон) Лейзераў, Таня Лібава, Аркадзь і Яўсей Рабіновічы, Ісаак Юзэфовіч, Яфім (Хаім) Розінэр, Файвл Сьвержакоўскі, Навум Фельдман і інш.

Сёньня ў жывых засталіся адзінкі з тых, хто перажыў Менскае гета, і будучы музэй патрэбны ня ім, а маладому пакаленьню людзей, якія ўступаюць у жыцьцё. Яны маюць права ведаць, што было насамрэч у іх родным горадзе, хто і як паводзіў сябе ў гады Галакосту. У мяне ёсьць мара, каб усе спробы расказаць пра Менскае гета за 75 гадоў знайшлі ўвасабленьне ў адкрыцьці Беларускага дзяржаўнага музэю Менскага гета ў горадзе-героі Менску. Такія музэі ёсьць ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах — у Вільні, Рызе, Варшаве, Кіеве, Харкаве, Кішынэве, Маскве.

У Беларусі ёсьць здольныя і дасьведчаныя дасьледчыкі, пісьменьнікі, журналісты, дзеячы культуры і мастацтва і проста неабыякавыя людзі, якія абавязкова адгукнуцца. Памяць 100 тысяч яўрэяў, якія загінулі ў Менску за 28 месяцаў існаваньня гета, патрабуе такога кроку. Гэта ня толькі даніна павагі забітым і закатаваным яўрэям, грамадзянам Беларусі, але і навука нашчадкам. Тады добра знаёмы лёзунг «Ніхто не забыты і нішто не забыта» перастане быць фармальным, здабудзе сваю плоць ў канкрэтнай справе.

Ерусалім, ліпень 2018

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG