Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні манстрацыі, ні дэманстрацыі: улады забаранілі яшчэ адну акцыю 1 траўня


«Манстрацыя» ў Менску, 6 сакавіка, ілюстрацыйнае фота
«Манстрацыя» ў Менску, 6 сакавіка, ілюстрацыйнае фота

У Берасьці забаранілі мітынг праціўнікам акумулятарнага заводу. У Менску прафсаюзы самі адмовіліся ад ідэі мітынгу праз абавязковую аплату міліцыі. Магілёўцам не дазволілі «манстрацыю».

Магілёўскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў заяўнікам пікету-«манстрацыі» і пікету з «выказваньнем зьмяшаных пачуцьцяў з нагоды свабоды сходаў у Беларусі» ў правядзеньні акцыяў 1 траўня, расказвае Mspring.online.

Заяўку на пікет пра «зьмяшаныя пачуцьці» падавалі Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандар Буракоў. «Манстрацыю» хацелі правесьці Алег Аксёнаў і Ўладзімер Шанцаў. Абедзьве заяўкі былі на стадыён на вуліцы Чалюскінцаў — месца, дазволенае для мітынгаў паводле «заяўнага прынцыпу». Першая была на 12 гадзінаў дня 1 траўня, другая — на 15 гадзінаў.

Абодва варыянты ўлады адхілілі, бо «па дзіўным супадзеньні», як адзначылі заяўнікі, там пройдзе футбольны матч. Што за гульня будзе, не паведамляецца, але ў Вышэйшай, Першай і Другой футбольных лігах не плянуецца ніякіх гульняў. 1 траўня пройдзе матч паўфіналу Кубку Беларусі, але «Шахцёр» і «Іслач» будуць гуляць у Салігорску, і матч пачнецца а 19-й.

Пра адмову магілёўцам зьвесткі зьявіліся 29 красавіка — тады ж, калі стала вядома, што ўлады Берасьця не дазволілі на 1 траўня мітынг праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу, таксама праз іншыя заплянаваныя акцыі. Незалежныя прафсаюзы раней адмовіліся ад акцыяў на «першамай» у Менску, бо міліцыі трэба плаціць «шалёныя грошы», а гэта «зьдзек зь людзей, з арганізацыі, са здаровага сэнсу».

«​Манстрацыю» — пародыю на палітычную дэманстрацыю — прыдумалі ў расейскім Навасібірску ў 2004 годзе. Удзельнікі акцыяў выходзяць на вуліцы 1 траўня з абсурднымі і гумарыстычнымі лёзунгамі. Акцыі не заўсёды дазваляюць, часам нават гвалтоўна разганяюць.

Адну «манстрацыю» сёлета правялі ў Менску: 6 сакавіка сябры валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» зладзілі акцыў ў Парку дружбы народаў, каб праверыць, як працуе арганізацыя мітынгаў паводле «заяўнага прынцыпу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG