Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія зоаабаронцы знайшлі і «здалі» у міліцыю чалавека, які зьбіў да паўсьмерці сабаку


Ілюстрацыйнае фота. Жывёлы з прытулку.
Ілюстрацыйнае фота. Жывёлы з прытулку.

Берасьцейскія зоаабаронцы высьветлілі асобу мужчыны, які жорстка зьбіў сабаку і кінуў яго паміраць пад дрэвам у Ружанах.

Выявіць правапарушальніка дапамог выпадак, пра гэта распавяла TUT.BY берасьцейская зоаабаронца Тацяна Журан, якая выходзіла сабаку пасьля цяжкіх траўмаў. Пасьля таго, як валанцёры забралі да сябе зьбітага Дзіка, яны разьмясьцілі ў інтэрнэце фатаграфіі, каб знайсьці яго гаспадара. На разьмешчаных у інтэрнэце здымках жыхарка Ружанаў пазнала сабаку свайго знаёмага. Яна зь ім зьвязалася, і той распавёў, што пераехаў на новае месца жыхарства, а сабаку аддаў у «добрыя рукі» і падзяліўся з валанцёрамі кантактамі новага гаспадара. Як высьветлілася, у новым доме Дзік укусіў жонку свайго ўладальніка. Той вывез сабаку ў лес, зьбіў і пакінуў пад дрэвам.

— Я перадала ўсю сабраную інфармацыю ў міліцыю і напісала заяву з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу па артыкуле за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Яны правялі праверку, апыталі суседзяў падазраванага, якія пазналі сабаку па фотаздымках. Мужчына гэты ва ўсім прызнаўся. Але крымінальную справу так і не распачалі. Адмовілі, спаслаўшыся на тое, што сабаку ён зьбіў не з хуліганскіх меркаваньняў, — распавяла TUT.BY Тацяна Журан.

Зараз вырашаецца пытаньне аб прыцягненьні былога гаспадара да адміністрацыйнай адказнасьці. За жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое пацягнула калецтва, мужчыне пагражае штраф ад 510 да 30 765 рублёў штрафу.

Берасьцейскія зоаабаронцы з рашэньнем міліцыі ня згодныя і нагадваюць, што Дзік застаўся жывы толькі таму, што яго своечасова знайшлі неабыякавыя людзі і знайшліся тыя, хто змог пра яго паклапаціцца. Пасьля таго, што адбылося, сабаку спатрэбілася доўгае лячэньне і рэабілітацыя. У яго быў расколаты чэрап, пачалося запаленьне, у адным воку пашкодзіўся крышталік, у другім праз гематому пачалося адслаеньне сятчаткі. Сабака перанёс некалькі апэрацый, выжыў, але асьлеп.

— Мяркуючы па траўмах на целе Дзіка, яго білі галавой аб дрэва. Яго спрабавалі забіць. Спатрэбілася дарагое лячэньне, а той, хто зрабіў гэта, толькі выплаціць штраф дзяржаве? — абураецца суразмоўца.

Валанцёры маюць намер абскардзіць адмову міліцыі распачаць крымінальную справу ў пракуратуру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG