Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Кім Чэн Ын адкрылі саміт ва Ўладзівастоку

Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы ва Ўладзівастоку, Расея, 25 красавіка 2019 году
Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы ва Ўладзівастоку, Расея, 25 красавіка 2019 году

Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін маюць надзеі, што іх першая сустрэча ва Ўладзівастоку дапаможа разьвіцьцю двухбаковых сувязяў і ўрэгуляваньню сытуацыі на Карэйскім паўвостраве, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Уладзімір Пуцін сустрэў Кім Чэн Ына ў кампусе Далёкаўсходняга фэдэральнага ўнівэрсытэта на востраве Рускі. Расейскі лідэр выйшаў на ганак корпуса, дзе ўжо стаяла ганаровая варта. Лімузін Кім Чэн Ына пад’ехаў прама да ўваходу, лідэры паціснулі адзін аднаму рукі і прайшлі ў будынак.

«Упэўнены, што ваш візыт сёньня ў Расею паслужыць справе разьвіцьця двухбаковых адносінаў, дазволіць лепш зразумець, якімі шляхамі можам урэгуляваць сытуацыю на Карэйскім паўвостраве, што можам зрабіць разам, што Расея можа зрабіць для таго, каб падтрымаць тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца», — сказаў Пуцін перад пачаткам перамоваў.

Гутарка Пуціна і Кім Чэн Ына ў фармаце сам-насам пройдзе ў прысутнасьці толькі перакладчыкаў.

«Сытуацыя на Карэйскім паўвостраве выклікае вялікую цікавасьць усёй сусьветнай супольнасьці. Спадзяюся, нашы перамовы стануць важнай падзеяй для таго, каб разам ацаніць гэтую сытуацыю і абмяняцца думкамі», — сказаў Кім Чэн Ын. «Спадзяюся, у нас будзе зьмястоўны абмен думкамі», — дадаў ён.

Кім Чэн Ын прыбыў у Расею 24 красавіка ў браняваным цягніку і заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу «Расея 24», што спадзяецца, што яго візыт будзе «пасьпяховым і карысным». Паводле Кіма, ён хацеў бы абмеркаваць з Пуціным «пытаньні па ўрэгуляваньні сытуацыі на Карэйскім паўвостраве» і па разьвіцьці двухбаковых адносінаў.

Гэта першы візыт Кім Чэн Ына ў Расею ў якасьці паўночнакарэйскага лідэра. Яго нябожчык бацька Кім Чэн Ір прыяжджаў у Расею ў 2011 годзе.

Спазьніўся Кім, а ня Пуцін

Паводле РИА Новости, Кім Чэн Ын спазьніўся на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным на паўгадзіны. Сьцьвярджаецца, нібы «Пуцін і Кім ад пачатку вырашылі не рабіць прывязак па часе». Пры гэтым звычайна на сустрэчы спазьняецца якраз Пуцін.

Пра што саміт

Памочнік прэзыдэнта Расеі па зьнешнепалітычных пытаньнях Юрый Ушакоў заявіў расейскім СМІ, што саміт Пуціна і Кім Чэн Ына будзе, галоўным чынам, прысьвечаны ядзернай праграме Паўночнай Карэі. Ён указаў на расейска-кітайскую «дарожную карту», якая прапануе паэтапны падыход да выхаду зь ядзернага супрацьстаяньня, і заклікаў аслабіць санкцыі і даць Пхэньяну гарантыі бясьпекі.

Паводле Ўшакова, парадак дня саміту таксама будзе ўключаць пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва. Абʼём гандлю паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй у мінулым годзе знаходзіўся на нікчэмна малым узроўні і склаў 34 мільёны даляраў, што, галоўным чынам, было зьвязана зь міжнароднымі санкцыямі супраць Пхэньяну.

Расея хацела б атрымаць больш шырокі доступ да мінэральных рэсурсаў Паўночнай Карэі, уключаючы рэдказямельныя мэталы. Пхэньян, са свайго боку, спадзяецца на пастаўкі расейскай электраэнэргіі і інвэстыцыі для мадэрнізацыі сваіх састарэлых заводаў, чыгунак і іншых абʼектаў інфраструктуры, пабудаваных пры падтрымцы Савецкага Саюзу.

Другі саміт Кім Чэн Ына і Трампа ў Ханоі скончыўся без дасягненьня якога-небудзь пагадненьня з прычыны спрэчак аб санкцыях, уведзеных па ініцыятыве ЗША. З тых часоў афіцыйных паведамленьняў пра кантакты паміж ЗША і Паўночнай Карэяй на высокім узроўні не было, хоць абодва бакі заяўляюць, што яны адкрытыя для правядзеньня трэцяга саміту.

Кім Чэн Ын хоча, каб ЗША аслабілі санкцыі ў адказ на частковыя крокі па раззбраеньні, якія ён распачаў у мінулым годзе. Аднак ЗША настойваюць, што санкцыі застануцца ў сіле, пакуль Паўночная Карэя ня зробіць больш істотных крокаў у кірунку дэнуклеарызацыі.

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што Кім Чэн Ын паспрабуе ўмацаваць сувязі сваёй краіны з Расеяй і Кітаем. Іншыя лічаць, што няясна, якую ролю можа згуляць Масква ў намаганьнях па аднаўленьні перамоваў па ядзернай тэматыцы. Тым ня менш, саміт дае Пуціну магчымасьць паспрабаваць узмацніць свой уплыў на рэгіянальную палітыку і сытуацыю з ядзернай праграмай Паўночнай Карэі.

XS
SM
MD
LG