Урад Украіны прыняў рашэньне аб выхадзе краіны з двух дамоваў з краінамі СНД: аб невыдаваньні інфармацыі, зьвязанай з сакрэтнымі савецкімі вынаходзтвамі, і стварэньні агульнай статыстычнай базы Эканамічнага саюзу.
Першы дакумэнт быў падпісаны 4 чэрвеня 1999 году паміж Расеяй, Украінай, Беларусьсю, Армэніяй, Грузіяй, Казахстанам, Кіргізстанам, Малдовай, Таджыкістанам і Узбэкістанам. Тады бакі абавязаліся «забясьпечваць рэжым сакрэтнасьці ў дачыненьні да наяўных у іх зьвестак аб сакрэтных вынаходзтвах, створаных у былым СССР».
У міністэрстве эканамічнага разьвіцьця Ўкраіны, якое ініцыявала выхад з пагадненьня, адзначылі, што дакумэнт састарэў і «не адпавядае сучаснаму стану адносін паміж краінамі, якія ўваходзяць у СНД».
Другое пагадненьне дзейнічала з 10 лютага 1995 году. Яно прадугледжвала стварэньне статыстычнага камітэту СНД і вядзеньне агульнай статыстычнай базы Эканамічнага саюзу для міждзяржаўнага абмену.
У студзені гэтага году Ўкраіна ўжо выйшла з трох пагадненьняў па супрацоўніцтве ў рамках СНД: аб міждзяржаўным абмене эканамічнай інфармацыяй, аб абмене інфармацыяй у галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і аб супрацоўніцтве ў галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
У жніўні 2018 года прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў Кабінэту міністраў пачаць працэдуру афіцыйнага выхаду з усіх устаноўчых органаў СНД. Ён таксама заявіў, што Кіеў выйдзе з тых міжнародных дамоваў, падпісаных у межах садружнасьці, у якіх знойдзе «хаця б самую нязначную неадпаведнасьць нацыянальным інтарэсам».
У той жа час было зачынена прадстаўніцтва Ўкраіны пры статутных органах СНД. Кантакты па гэтай лініі ажыцьцяўляліся праз украінскае пасольства ў Менску.