Беларускі незалежны прафсаюз існуе ў агрэсіўным асяродзьдзі, умовы для працы сталі больш жорсткія, канстатаваў старшыня арганізацыі Мікалай Зімін на XI справаздачна-выбарным зьезьдзе прафэсійнага саюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў.
Па яго словах, найбольш сур’ёзны ціск сёньня адчуваецца на ААТ «Беларуськалій». Як цытуе актывіста БелаПАН, адміністрацыя прадпрыемства шляхам шантажу і гвалту прымушаюць работнікаў да выхаду зь незалежнага прафсаюзу пад пагрозай таго, што ня будзе кар’ернага росту і павышэньня разраду, але будзе непрацягненьне кантракту ды іншыя наступствы. Гэта ўжо прывяло да аднамомантавага масавага выхаду работнікаў з прафсаюзу.
«У краіне дзейнічае аўтарытарны рэжым, таму выбудоўваць партнэрскія адносіны складана, — падкрэсьліў прафсаюзны лідэр. — Незалежныя суполкі ня ўпісваюцца ў дзяржаўную мадэль пабудовы грамадзтва, бо менавіта прафсаюз захаваў прынцыпы дэмакратычнага ладу — усе працэсы праходзяць адкрыта з прыняцьцем калектыўнага рашэньня».
Мікалай Зімін заявіў, што сёньняшняя Беларусь — недэмакратычная краіна, дзе прымаюцца недэмакратычныя законы, дэкрэты і ўказы, якія супярэчаць Канстытуцыі і канвэнцыям Міжнароднай арганізацыі працы.
«Дзейнічае дазвольны прынцып рэгістрацыі дэмакратычных прафсаюзаў, а чальцы зьведваюць пастаянны ціску, — нагадаў ён. — Асаблівая роля адводзіцца ідэолагам, якія вядуць барацьбу зь сябрамі незалежнага прафсаюзу. Адміністрацыі выкарыстоўваюць гвалтоўныя мэтады барацьбы — шантаж, пагрозы, запалохваньні. Актывістаў намагаюцца дыскрэдытаваць, а затым звольніць. Начальнікі на месцах капіююць манэру кіраваньня свайго прэзыдэнта».
Старшыня БНП падкрэсьліў, што дамагчыся сваіх правоў у краіне амаль нерэальна, паколькі органы ўлады і кіраваньня, вярхоўная ўлада замінаюць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і незалежных прафсаюзаў.
«Беларусь стала некамфортнай і нават небясьпечнай для яе грамадзян. Афіцыйная прапаганда ўдзёўбвае ў галовы думку, што тут жыцьцё самае спакойнае ў сьвеце. Насамрэч краіна стала цывілізацыйным ізгоем, зь ёй супрацоўнічаюць такія ж недэмакратычныя рэжымы. Эканоміка ў жахлівым стане, ідзе пастаянны пошук крэдытаў і латаньня дзірак. Нас ператварылі ў грамадзтва нявольнікаў, дармаедаў і злодзеяў, ідуць пастаянныя судовыя працэсы. Вельмі дорага абыходзіцца нам прэзыдэнцтва Лукашэнкі», — падсумаваў Мікалай Зімін.