Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнага сходу. 19 красавіка 2019 году
Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнага сходу. 19 красавіка 2019 году

«Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у 2020 годзе». Пасланьне Лукашэнкі: цытуем і камэнтуем

19 Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Прамову паказвалі ў жывым эфіры дзяржаўныя тэлеканалы. Журналістаў незалежных СМІ не акрэдытавалі.

11:41 19.4.2019

Спыніць льготнае будаўніцтва

Лукашэнка прапанаваў спыніць усялякае льготнае будаўніцтва, а пабудаваць камфортнае жыльлё для тых, хто нарадзіў 3, 5, 7 дзяцей. «Хутка ў гэтай краіне жыць ня будзе каму», — аргумэнтаваў ён.

Заклікаў узводзіць малапавярховыя прыватныя дамы, але ня побач зь Менскам, а ў вёсках, дзе хутка ўсё будзе заарана. «Аднавіце хоць бы тую вёску, дзе нарадзіліся», — параіў ён.

Лукашэнка сказаў, што гарады-спадарожнікі ніхто не адмаўляў, яны будуць разьвівацца.

11:42 19.4.2019

Лёс беларускамоўных шыльдаў прадвызначаны?

Баюся, што пасьля рэплікі Лукашэнкі пра беларускамоўны банэр на трасе беларускамоўныя шыльды могуць увогуле зьнікнуць, або іх колькасьць рэзка зьменшыцца.

11:46 19.4.2019

Лукашэнка крытыкаваў «Карпенку» для парадку

Лукашэнка рэзка скрытыкаваў міністра адукацыі Ігара Карпенку за прапановы ўвесьці адмысловую ахову школаў і пасады псыхолягаў. Гэтыя прапановы — рэакцыя на забойства школьнікам у Стоўпцах настаўніцы і іншага школьніка.

Лукашэнка тады сказаў, што ў адукацыі — «бардак», абвінаваціў міністэрства. Міністэрства і адрэагавала, прычым у тым рэчышчы, у якім на падобныя выклікі адказваюць у іншых краінах, дзе падобныя інцыдэнты ў школах адбываюцца даволі часта. І там уводзяць ахову ўсіх школаў.

Лукашэнка ў пасланьні меў рацыю, калі сказаў, што гэта патрабуе велізарных грошай.

Дык а ён гэтага не разумеў, калі лаяў міністэрства і сыстэму адукацыі пасьля трагедыі ў Стоўпцах, не разумеў, што гэтая трагедыя — выпадак, а не тэндэнцыя? Ведаў. Дык дзеля чаго патрабаваў ад міністэрства адмысловых мераў? Для парадку. Як і ўсё астатняе.

11:48 19.4.2019

Пра «справу мэдыкаў»: «Саджалі і будуць саджаць»

Спыніўся Лукашэнка і на мэдыцыне, якая сёньня «вядомая ва ўсім сьвеце». Адзінае, загадаў даць справаздачу, ці не «п’янтосы тыя 600 чалавек», якім перасадзілі пячонку.

Пры гэтым паабяцаў, што «казнакрадаў» у белых халатах «саджалі і будуць саджаць». Ніхто дараваць ня будзе за адкаты, за склады валюты ў гаражы.

«Ня бяры чужога, дараваньня нікому ня будзе», — сказаў ён па-беларуску. На чарзе па кайданкі яшчэ сотня чалавек, праанансаваў Лукашэнка.

11:56 19.4.2019

Пра спорт як ідэалёгію і заробкі спартоўцаў

«Спорт — наша ідэалёгія», — заявіў Лукашэнка. І раскрытыкаваў біятлён, лыжы, іншыя віды спорту, дзе поўны правал і «прасьвету не прадбачыцца». Паабяцаў непрыемнасьці, калі будзе правалены жаночы матч беларускіх тэнісістак на Кубак Фэдэрацый з камандай Аўстраліі.

«Інвэнтар мусіць быць айчыннай вытворчасьці, нашы людзі ўмеюць гэта рабіць. І ня ганьбіцца з заробкамі — людзі просяць 300-400 рублёў. Што гэта? Не ніжэй за сярэдні па краіне, астатняе — за вынік.

Я супраць шалёных заробкаў, як у хакейным „Дынама“, па 15 мільёнаў даляраў укідваем. Але іншыя таксама павінны адчуваць сябе годна, гэта ж прафэсійныя спартоўцы».

12:01 19.4.2019

Пра вайну паміж Расеяй і Ўкраінай

Аляксандар Лукашэнка засьцярог сьвет ад новага «цывілізацыйнага разлому». Таму Менск застанецца перамоўнай пляцоўкай, перадусім у вырашэньні сытуацыі ва Ўкраіне, сказаў ён.

«Няўжо гэта нармальна, што ў Эўропе ідзе вайна? Не. А мы сабрацца ня можам, каб яе спыніць. Камусьці гэта ня выгадна, іначай чаму ня сесьці разам і ня вырашыць пытаньне раз і назаўсёды? Беларусь гатовая, але ўсе іншыя?»

12:04 19.4.2019

Пра канструктыўны дыялёг з ЗША

Падчас штогадовага пасланьня да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Беларусь выстройвае канструктыўныя адносіны з ЗША.

«Але, так, у нас ёсьць і супярэчнасьці», — сказаў ён.

12:06 19.4.2019

Пра добры Кітай і кепскую Расею

У міжнародным аспэкце Лукашэнка назваў Кітай галоўным стратэгічным партнэрам, пэрсанальна адзначыўшы высілкі, якія робіць для Беларусі старшыня КНР Сі Цьзіньпін.

Лукашэнка адзначыў станоўчыя крокі на збліжэньне са Злучанымі Штатамі, хоць «пытаньні ўсё яшчэ застаюцца». Выказаў спадзяваньне, што будуць пашырацца кантакты, перадусім эканамічныя, з Эўразьвязам.

Толькі потым згадаў Расею, і тое перадусім у кантэксьце «гандлёвых войнаў»: абвінаваціў у «аднабаковым эмбарга» і штучных бар’ерах на шляху беларускай прадукцыі.

12:07 19.4.2019

Любімая тэма Лукашэнкі — спорт

Пра што Лукашэнка кажа шмат і з задавальненьнем — дык гэта пра спорт. Хакей, лыжы, біятлён, цяжкая атлетыка, гандбол, футбол, заробкі спартоўцаў. Ну проста аглядальнік спартовай газэты.

Вось Лукашэнка кажа, што глядзеў матч моладзевай зборнай па хакеі. Даволі паказальна, што ў кіраўніка дзяржавы ёсьць на гэта «час і натхненьне».

Здаецца, сваёй пасадзе прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Лукашэнка аддае нашмат болей часу, чым пасадзе прэзыдэнта Беларусі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG