Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску асобны збор сьмецьця не перавышае 3,5% ад эўрапейскай нормы. Улады спадзяюцца на Эўрагульні


Сталіца Беларусі істотна адстае ад эўрапейскіх гарадоў у асобным зборы адходаў, прызнаў 18 красавіка намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Мікалай Корбут.

Калі зыходзіць з агульнапрынятага ў Эўразьвязе разьліку на тысячу жыхароў, то ў Менску асобны збор папяровай макулятуры складае толькі 2,5% ад тамтэйшай нормы, шкла — 1,5%, плястыку — 3,5%.

Намесьнік міністра спадзяецца, што да пачатку другіх Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску 23–30 чэрвеня, сытуацыя істотна зьменіцца. Корбут сказаў, што ягонае міністэрства зьвярнулася да кіраўніцтва Менгарвыканкаму і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі з просьбай тэрмінова навесьці парадак і ўстанавіць больш за тысячу дадатковых кантэйнэраў.

Журналісты зазначылі, што на свае вочы бачылі, як у Менску сьмецьце з асобных кантэйнэраў ссыпаецца ў адну і тую ж машыну. І гэта адбівае жаданьне ў гараджан выкідаць яго ў асобныя кантэйнэры.

Мікалай Корбут адказаў, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя «катэгарычна супраць» такога скіданьня розных адходаў у адну машыну.

«Праз гэта мы падрываем цікавасьць людзей да асобнага збору. Мы патрабуем ад Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі абавязковага выкананьня ўсіх нормаў асобнага збору адходаў», — заявіў Мікалай Корбут.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2018 годзе сярэднестатыстычны жыхар Менску за год выкідаў да 500 кіляграмаў сьмецьця.

Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня загадаў сваёй адміністрацыі ўзяць на «жорсткі кантроль» пытаньні перапрацоўкі адходаў: макулятуры, мэталічных вырабаў і плястыку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG