Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зброю набываў у спэцназаўца і егера». Судзяць дырэктара ЦЭЦ, у якога знайшлі арсэнал зброі


Суд Гомельскага раёну

У судзе Гомельскага раёну пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Леаніда Штэйна — дырэктара ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбінату. Летась восеньню ў яго дома знайшлі цэлы арсэнал зброі. Дзе ўзяў і для чаго — высьвятляе цяпер суд.

Што і як знайшлі?

У верасьні МУС паведаміў, што ў Гомельскім раёне быў затрыманы жыхар пасёлку Гарадзея Менскай вобласьці Леанід Штэйн. У ягоным аўтамабілі знайшлі пісталеты, аўтамат, гранаты. Па месцы жыхарства ў Гарадзеі прайшоў вобшук. Дома, у гаражы міліцыя знайшла

  • кулямёт
  • 5 аўтаматаў
  • 10 вінтовак
  • 10 пісталетаў
  • 28 гранат
  • 265 выбуховых прыстасаваньняў
  • 2 кіляграмы выбуховых рэчываў
  • 10 тысяч патронаў
  • дубінкі, нажы, шаблі

У Гомлі ў жыхара Менскай вобласьці жыве прыяцелька. 7 верасьня Леанід Штэйн ехаў да яе. Аўтамат і пісталеты ўзяў з сабой, каб «патрэніравацца на зваротным шляху, пастраляць». Пад Гомлем яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Папрасілі рэчы на агляд. Абвінавачаны кажа на судзе, што сам адразу прызнаўся, што мае пры сабе аўтамат Калашнікава, пісталеты Макарава і ТТ, гранаты, глушыцель і «ножык».

«Наляцела палова Гомля, вашых начальнікаў, усе аж падскоквалі, ніжэй за палкоўніка там не было», — казаў абвінавачаны.

На пытаньне пракурора аб матывацыі мець пры сабе арсэнал ён адказаў:

«Якая матывацыя. Хай ляжыць, мала што. У жыцьці ўсялякае бывае, на дарозе. Вы ж ведаеце, як ва Ўкраіне адбываецца — раз, рэзка, і ўсе, а ты не гатовы», — сказаў Леанід Штэйн.

На рэпліку пракурора — «Мы не ўва Ўкраіне» — абвінавачаны адрэагаваў: «Я ж вобразна кажу. Усё цячэ, усё зьмяняецца».

Навошта столькі зброі

Абвінавачаны кажа, што любоў да зброі ў яго з «савецкай школы», урокаў пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Потым ён служыў у войску. Потым «у спадчыну» ад дзеда атрымаў пісталет. Потым стаў «калекцыянэрам». Уся зброя была прыдатная.

«Ну, каб я маркі калекцыяніраваў ці матылькоў — вы б не задавалі такіх пытаньняў. Разумею, што ў нашай краіне гэта нельга. І ў Савецкім Саюзе з гэтым было складана. Але дзякуючы такім людзям хоць нешта засталося, хоць нешта ў вас ёсьць у музэях», — кажа Леанід Штэйн.

Ён кажа, што разьлічваў «сабраць поўную калекцыю» і здаць дзяржаве «ў бліжэйшы час».

«Дакладней — я зброю і так здаў», — засьмяяўся абвінавачаны.

Хто і за колькі прадаваў зброю

— Якія ў вас крыніцы набыцьця зброі? — спытаўся ў былога кіраўніка пракурор.

— Вось яны, крыніцы — побач сядзяць, — кіўнуў Леанід Штэйн.

Разам з абвінавачаным месца ў клетцы займаюць яшчэ двое фігурантаў — жыхары Лунінецкага раёну і Стоўпцаў. Першы — Васіль, працаваў егерам. Другі, Мікалай, па словах Леаніда Штэйна, служыў у спэцназе, у вайсковай частцы 3214.

«Ён мне гэтага не казаў. Але я сам здагадваўся. Чаму я не пытаўся, дзе Мікалай бярэ зброю? Усё роўна не сказаў бы, чаго лезьці ў душу», — патлумачыў дырэктар ЦЭЦ.

Прыяцелі — «дылеры» сябравалі зь Леанідам Штэйнам гадоў дзесяць. «Такіх людзей, як мы, мала — якія займаюцца паляваньнем, рыбалкай, захапляюцца зброяй», — сказаў галоўны абвінавачаны.

Паводле яго, неяк муж сястры сказаў яму пра магчымасьць набыць кулямёт. Ідэя Леаніду спадабалася. Пра кошт — 300 даляраў — дамовіліся з прадаўцом Мікалаем праз сваяка. Кулямёт забіраў у лесе пад Стоўпцамі. Потым набываў у Мікалая зброю ўжо праз асабістае знаёмства. Патроны, па словах Леаніда Штэйна, спэцназавец яму дарыў так. Частку зброі і выбуховых рэчываў набываў у егера Васіля.

Колькі каштавала зброя

(Паводле слоў Штэйна)

  • Дробнакалібэрная вінтоўка ТОЗ-8 — 750 даляраў
  • Пісталет ТТ — 400 даляраў
  • Пісталет Макарава — 700 даляраў, «па-мойму»
  • Аўтамат Калашнікава (АК-103) — 1300 даляраў
  • Патроны — бясплатна

«У нас добрыя адносіны, а не як у буржуяў — „тавар-грошы“», — патлумачыў бясплатныя патроны Штэйн.

«Я браў усё, што мне прапаноўвалі, — дадаў ён. — Але гэта ня значыць, што я гэта выкарыстоўваў. Я як Плюшкін, разумееце, цягнуў усялякую дрэнь».

Дадаткова Штэйну інкрымінуюць пераробку зброі.

«Набыў вінтоўку, напрыклад. Каб трапна страляць — трэба оптыка. Перарабляў зброю. Уключаў мазгі і рукі», — казаў Леанід Штэйн.

Абвінавачаны, якога былы кіраўнік меў за спэцназаўца, катэгарычна адмаўляе сваю віну. Егер прызнае віну часткова. Іх будуць дапытваць на наступных пасяджэньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG