Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьнік начальнік «міліцэйскай паліклінікі» і дэпутат гарсавету з Магілёва?


Паліклініка Мэдыцынскай службы Дэпартамэнту фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў па Магілёўскай вобласьці
Паліклініка Мэдыцынскай службы Дэпартамэнту фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў па Магілёўскай вобласьці

Больш за месяц Міністэрства ўнутраных спраў не дае інфармацыі пра зьнікненьне з публічнай прасторы начальніка мэдычнай службы дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласьці Сяргея Максімава.

Між тым на ягоную пасаду ў мэдычнай установе прызначаны часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка. А вось на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Максімаў застаецца начальнікам мэдычнай службы.

Зьнікненьне Сяргея Максімава афіцыйна дагэтуль не пацьверджана. Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар у Міністэрстве ўнутраных спраў.

Хто такі Максімаў? Сьцісла

  • Палкоўнік міліцыі ў запасе. Кіраваў ведамаснай паліклінікай КДБ ды Быхаўскай раённай бальніцай.
  • У «міліцэйскай паліклініцы» Магілёўшчыны начальствуе больш за 10 гадоў. Установа абслугоўвае звыш 12 тысяч чалавек.
  • Дэпутат гарсавету апошніх трох скліканьняў. Чалец сталай камісіі гарсавету ў пытаньнях фінансаў, мясцовага бюджэту, камунальнай уласнасьці і прыватызацыі.

Гісторыя зьнікненьня

Пра імавернае зьнікненьне Максімава стала вядома 11 сакавіка з паведамленьня тэлеграм-каналу NEXTA. У ім гаварылася, што кіраўнік міліцэйскай паліклінікі блізу тыдня не выходзіў на працу. У яго кабінэце нібыта знайшлі рапарт аб звальненьні, службовае пасьведчаньне і ключы ад кабінэта. Выказвалася меркаваньне, што Максімаў празь Вільню вылецеў у ЗША ці Ізраіль.

12 сакавіка Свабода зьвярнулася па камэнтар у службу грамадзкіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Там сытуацыю са зьнікненьнем Максімава ня сталі камэнтаваць, аднак паведамілі, што афіцыйная інфармацыя зьявіцца бліжэйшымі днямі. Прайшло больш за месяц, але зьвестак дагэтуль няма.

Пагутарыць з падначаленымі Сяргея Максімава не ўдалося. Наведнікі «міліцэйскай паліклінікі», калі журналіст прасіў іх распавесьці пра сытуацыю ў ёй пасьля зьнікненьня кіраўніка, адказваць адмовіліся. Кліенты гэтай мэдычнай установы — супрацоўнікі сілавых структураў, як дзейныя, так і на пэнсіі.

Пры спробе запісацца на прыём да дэпутата Максімава ў «міліцэйскай паліклініцы» ў ягонай прыёмнай сказалі, што ён там больш не працуе.

Гарсавет: «Дэпутат пакуль адсутнічае»

Будынак, дзе месьціцца Магілёўскі гарадзкі савет
Будынак, дзе месьціцца Магілёўскі гарадзкі савет

На сайце гарсавету Максімаў значыцца ў дэпутацкіх сьпісах. Як і да зьнікненьня, ён чалец пастаяннай камісіі ў пытаньнях фінансаў, мясцовага бюджэту, камунальнай уласнасьці. Тэлефонны нумар, пазначаны для кантакту з дэпутатам, не адказвае.

У графіку прыёму дэпутатамі грамадзян насупраць прозьвішча Максімава пазначана, што прымае замест яго старшыня Магілёўскага гарсавету.

«Пакуль адсутнічае дэпутат», — адказаў на званок журналіста кіраўнік гарсавету Максім Гурын. І параіў з усімі пытаньнямі зьвяртацца да яго, Гурына. Але куды падзеўся дэпутат Максімаў, тлумачыць ня стаў.

Што пра Максімава кажуць калегі-мэдыкі

Мэдыкі з магілёўскіх установаў аховы здароўя, якія пагадзіліся пагутарыць пра Максімава на ўмовах канфідэнцыйнасьці, характарызуюць яго як «жорсткага, аўтарытарнага кіраўніка», зь якім «ня многія маглі справіцца». Паводле суразмоўцаў, у яго быў «напорысты стыль стасункаў зь людзьмі».

Яны сьцьвярджаюць, што Максімаў знаўся «з уплывовымі людзьмі», якія «маглі падказаць яму пра існаваньне форс-мажорных абставінаў для яго».

Паводле іх, яго верагоднае рашэньне ўцячы зь Беларусі не было спантанным, бо ён «з тых, хто абдумвае важныя для сябе дзеяньні».

Вэрсія № 1. Паводле суразмоўцаў, зьнікненьне Максімава можа быць зьвязанае зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю «службоўца-функцыянэра». Як сьцьвярджае адзін з мэдыкаў, «неўзабаве мелася пачацца комплексная праверка мэдычных устаноў, адной зь якіх кіруе Максімаў».

«У сувязі са „справай мэдыкаў“ любая праверка можа скончыцца для кіраўніка вялікімі непрыемнасьцямі», — кажа ён.

Па словах крыніцы, Максімаў доўгі час лічыўся кіраўніком, які актыўна прасоўваў пашырэньне платных паслуг для насельніцтва. Даводзіў, што такі напрамак дзейнасьці эфэктыўны для разьвіцьця ўстаноў аховы здароўя.

«Як гэта ўсё адбываецца ў міліцэйскай паліклініцы, цяжка сказаць, але ня выключана, што маглі прысутнічаць і шэрыя схемы», — выказаўся суразмоўца-мэдык.

Вэрсія № 2. Паліклініка, якой кіраваў Максімаў, атэстуе супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Гэтая ўстанова вызначае, ці «дазваляе стан здароўя міліцыянта працягваць службу, ці надышоў час адправіць яго на пэнсію з інфармаваньнем пра гэта вышэйшых інстанцый».

«Гэта датклівы бок дзейнасьці паліклінікі. Тут шмат спакусаў», — адзначыў яшчэ адзін магілёўскі мэдык.

Дзе жыў Максімаў?

Як вынікае са зьвестак, апублікаваных падчас апошніх выбараў у мясцовыя саветы, Сяргей Максімаў прапісаны ў Магілёўскім раёне. Паводле ананімнай крыніцы, у яго ўласны катэдж.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG