Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка пасьля губэрнатара Адэсы звольніў і кіраўніка Хэрсонскай вобласьці


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка звольніў кіраўніка Хэрсонскай вобласьці Андрэя Гардзеева. Гэта вынікае з указу, апублікаванага на сайце кіраўніка Ўкраіны. У наступным указе прэзыдэнт Украіны прызначыў намесьніка кіраўніка вобласьці Дзьмітрыя Бурыя новым губэрнатарам Хэрсону.

На мінулым тыдні стала вядома, што Андрэй Гардзееў накіраваў прэзыдэнту Ўкраіны заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні. Родныя Хэрсонскай актывісткі Кацярыны Гандзюк абвінавачвалі яго асяродзьдзе ў арганізацыі замаху, у выніку якога Гандзюк памерла. Сам Гардзееў гэтыя абвінавачваньні адмаўляе.

Замах на памочніцу мэра Хэрсону Кацярыну Гандзюк адбыўся ў ліпені 2018 году. Пацярпелую некалькі месяцаў лячылі ад апёкаў, якія яна атрымала пасьля таго, як нападнікі аблілі яе кіслатой. Лекарам не ўдалося выратаваць жыцьцё актывісткі, яна памерла ў лістападзе мінулага году.

У сераду Кабінэт міністар Украіны таксама ўхваліў звальненьне губэрнатара суседняй Адэскай вобласьці Максіма Сьцяпанава. Пятро Парашэнка падпісаў указ аб яго адстаўцы 6 красавіка, але кіраўнік вобласьці палічыў гэтае рашэньне незаконным, спасылаючыся менавіта на адсутнасьць прадстаўленьня з боку Кабінэту міністраў. У выніку Парашэнка ануляваў першы ўказ, пасьля чаго 9 красавіка папрасіў Кабінэт міністраў звольніць губэрнатара. У гэты раз Сьцяпанаў не стаў аспрэчваць гэтае рашэньне, але пры гэтым назваў яго «асабліва палітычным».

Экс-кіраўнік Адэскай вобласьці раней заяўляў, што яго звольнілі з прычыны адкладаньня выплат маламаёмасным пэнсіянэрам. Сьцяпанаў перанёс выплаты на 22 красавіка, назваўшы прызначэньне дапамог «подкупам» перад заплянаваным на 21 красавіка другім турам выбараў. Са свайго боку Пятро Парашэнка заявіў, што Сьцяпанаў адклаў выплаты спэцыяльна, каб перашкодзіць яму ў перадвыбарчай кампаніі.

У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў перамогу атрымаў шоўмэн Уладзімір Зяленскі. Яго падтрымалі 30 адсоткаў выбаршчыкаў, у той час як Парашэнку каля 16 адсоткаў. У Адэскай і Хэрсонскай абласьцях вынік Парашэнкі быў ніжэй — тут яго падтрымалі каля дзесяці адсоткаў выбаршчыкаў, тады як Зяленскага — каля 40 адсоткаў тых, хто прагаласаваў.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG