Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі ўпарадкаваў школьны рэжым: забарона мабільнікаў і рэгістрацыя на вахце


Школьны будынак, ілюстрацыйнае фота
Школьны будынак, ілюстрацыйнае фота

11 красавіка міністар адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад, які зацьвярджае інструкцыю аб арганізацыі прапускнога рэжыму і абмяжоўвае выкарыстаньне мабільных тэлефонаў падчас заняткаў і перапынкаў. Таксама ў школах могуць зьявіцца ахоўнікі і намесьнікі па бясьпецы.

Ахоўнікі і намесьнікі дырэктара па бясьпецы

Паводле інструкцыі, на якую спасылаецца Tut.by, доступ у будынак школы пачынаецца за 30 хвілін да пачатку заняткаў і заканчваецца праз такі ж час пасьля іх заканчэньня. Гэта тычыцца і супрацоўнікаў, і вучняў, і бацькоў.

У непрацоўны час супрацоўнікі змогуць трапіць у кабінэты толькі на падставе дакладной запіскі намесьніка дырэктара ўстановы. Кругласутачны доступ дазваляецца дырэктару, намесьніку па гаспадарчай працы, вартаўнікам і вахцёрам, а таксама пэрсаналу арганізацый, якія абслугоўваюць школу ў аварыйных сытуацыях.

У інструкцыі гаворыцца, што цяпер наведнікі павінны прад’яўляць дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу. Пасьля гэтага вартаўнік павінен зарэгістраваць візыт і ягоную мэту. Паводле рашэньня адміністрацыі ў школе могуць зьявіцца ахоўнікі і намесьнікі дырэктара па бясьпецы.

Тэлефон трэба будзе здаць на захоўваньне

У загадзе ёсьць пункт, які тычыцца выкарыстаньня мабільных тэлефонаў. Падчас заняткаў і перапынкаў выкарыстаньне мабільных тэлефонаў будзе абмежавана. Мяркуецца, што імі можна карыстацца да і пасьля ўсіх заняткаў і падчас працы групы падоўжанага дня. Для тэлефонаў зробяць месцы, у якіх будуць захоўвацца каштоўныя рэчы працаўнікоў і навучэнцаў.

Ініцыятыва Міністэрства адукацыі выклікала розгалас. Так, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выступіла супраць увядзеньня ў школах аховы, а таксама пасады намесьніка дырэктара па бясьпецы.

«Мы лічым, што гэта супярэчыць прынцыпам адкрытага грамадзтва і служыць мілітарызацыі ўстаноў адукацыі, — гаворыцца ў заяве. — Увядзеньне аховы і яшчэ адной бюракратычнай пасады патрабуе дадатковых выдаткаў зь бюджэту. Гэта не паслужыць паляпшэньню якасьці адукацыі і выхаваньня школьнікаў, а таксама не гарантуе бясьпеку вучняў і пэдагогаў. Прыклад ЗША і Расеі паказвае: нягледзячы на наяўнасьць аховы, напады на школьнікаў і настаўнікаў адбываюцца даволі часта. Ахоўнікі ня здольныя кантраляваць адначасова ўсе клясы і тое, што ў іх адбываецца».

Выхаваўчая праца зводзіцца да палітычнай

Далей гаворыцца, што ў сыстэме адукацыі ўжо ўведзеныя пасады псыхолягаў і сацыяльных пэдагогаў; ня лічачы клясных кіраўнікоў, ёсьць намесьнікі дырэктараў і прарэктары па выхаваўчай і ідэалягічнай працы.

Беларускія піянэры
Беларускія піянэры

БСДП перакананая: маральна-псыхалягічную сытуацыю можна палепшыць праз дыялёг пэдагогаў і бацькоў, арганізацыю незарэгуляванага вучнёўскага самакіраваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG