Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука абвінавацілі ў ненаўмысным забойстве немаўляці на п’янцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У здарэньні ў менскім мікрараёне Серабранка падазраваныя ўсе пяцёра, хто быў у кватэры той ноччу, калі загінула 5-месячнае дзіця, паведаміў Сьледчы камітэт. Абвінавачаньні выстаўленыя пакуль аднаму — бацьку немаўляці.

Каля аднаго з дамоў на праспэкце Ракасоўскага ў Менску зранку 8 лютага знайшлі цела 5-месячнага дзіцяці з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці (спачатку паведамлялася, што зь пятлёй на шыі). Маці і бацька дзіцяці, а таксама сужыцель бабкі з двума знаёмымі ў ноч напярэдадні расьпівалі дома сьпіртное — зранку іх усіх затрымалі.

Як сьцьвярджаюць сьледчыя, цягам ночы бацька «неаднаразова браў дзіця на рукі, але ад моцнага алькагольнага ап’яненьня падаў разам зь ім на падлогу», ад гэтага ў дзіцяці траўмы (пятля на шыі ніяк ня згадваецца). Самі фігуранты справы сьцьвярджаюць, што ня памятаюць, што было той ноччу, бо былі моцна п’яныя.

Тры зь пяці фігурантаў, у ліку якіх маці дзіцяці, былі адпушчаныя празь некалькі дзён па затрыманьні, але ўсе пяцёра застаюцца падазраванымі. Комплексная экспэртыза выявіла, што бацька і сужыцель бабкі асэнсоўвалі небясьпеку сваіх дзеяньняў.

Бацьку выстаўленыя абвінавачаньні ў «прычыненьні сьмерці празь неасьцярожнасьць» (ч.1 арт. 144 КК) і «заведамае пакіданьне ў небясьпецы» (ч. 3 арт. 159). Абодва артыкулы прадугледжваюць як максымальнае пакараньне да трох гадоў турмы. Ён прызнаў віну, застаўся пад вартай.

Сужыцелю бабкі ня выставілі абвінавачаньняў, але прызначылі дадатковую праверку таго, ці не сымуляваў ён страту памяці. Пакуль мужчына застаецца пад абавязкам аб яўцы. Расьсьледаваньне працягваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG