Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала справу супраць літоўскіх судзьдзяў, якія прысудзілі турму экс-міністру абароны СССР


Савецкія войскі ў Вільне, студзень 1991
Савецкія войскі ў Вільне, студзень 1991

Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да чатырох судзьдзяў Віленскага акруговага суду, якія завочна прысудзілі былому міністру абароны СССР Дзмітрыю Язаву 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Літоўскіх суддзяў у Расеі абвінавачваюць у вынясеньні сьвядома неправасуднага рашэньня ня толькі ў адносінах да Язава, але і да іншых савецкіх дзеячаў.

У заяве СК гаворыцца, што:

  • «на момант вынясеньня прысуду судзьдзям было дакладна вядома аб неадпаведнасьці інкрымінаваных абвінавачаным дзей фактычным абставінам падзей студзеня 1991 году ў Вільні»;
  • «не прынятыя пад увагу факты стральбы па цывільнаму насельніцтву з дахаў і верхніх паверхаў прылеглых будынкаў, хоць дакладна вядома, што ў канфлікце ўдзельнічаў трэці бок»;
  • «у прысудзе судзьдзі канстатавалі той факт, што „па сутнасьці няма магчымасьці канкрэтызаваць, ад дзеяньняў каго з абвінавачаных паўсталі найбольш цяжкія наступствы, то бок забойства цывільных асобаў і прычыненьне цялесных пашкоджаньняў“. Такім чынам, яны груба праігнаравалі адзін з прынцыпаў крымінальнага судаводзтва, згодна зь якім усе сумневы тлумачацца на карысьць абвінавачаных»;
  • прысуд парушыў «агульнапрызнаны прынцып міжнароднага права і крымінальнага працэсу — недапушчальнасьць наданьня крымiнальнаму закону зваротнай сілы».

У сакавіку 2019 году Віленскі суд прызнаў шэраг савецкіх дзеячаў вінаватымі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці.

Язаву цяпер 94 гады, ён жыве ў Маскве, ён — адзіны жывы маршал Савецкага Саюзу.

Падзеі студзеня 1991 году

Падзеі ў Вільні ў студзені 1991 году разгортваліся пасьля абвяшчэньня рэспублікай незалежнасьці.

8 студзеня выступаючы на сесіі Вярхоўнага Савету СССР, старшыня Палаты нацыянальнасьцяў саюзнага парлямэнту Рафік Нішанаў «выказаў занепакоенасьць» сытуацыяй, якая склалася ў Літве. Ён заявіў, што ў адрас Вярхоўнага Савету СССР прыходзяць «шматлікія тэлеграмы жыхароў Літвы з заклікам да саюзнага кіраўніцтва навесьці ў рэспубліцы парадак».

У сталіцу Літвы перакінулі байцоў спэцпадразьдзяленьня «Альфа», Пскоўскай дывізіі ПДВ і іншых частак. Савецкія войскі занялі некалькі будынкаў, у тым ліку Дом друку ў Вільні. Праціўнікі «аднаўленьня дзеяньня Канстытуцыі СССР» на тэрыторыі Літвы выйшлі на вуліцы ахоўваць будынкі Вярхоўнага Савету, радыёцэнтру, тэлевежу і тэлефонныя станцыі.

У адказ на гэта ў ноч на 13 студзеня дзьве калёны савецкай бронетэхнікі накіраваліся ў цэнтар Вільні і правялі штурм тэлевізійнай вежы. Загінулі 13 чалавек, мінімум 140 (па іншых дадзеных — каля тысячы) былі параненыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG