Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Саюзу палякаў будуць судзіць за кірмаш «Казюкі»


Анжаліка Борыс, архіўнае фота
Анжаліка Борыс, архіўнае фота

У дачыненьні да старшыні непрызнанага дзяржавай Саюзу палякаў Анжалікі Борыс распачалі адміністрацыйную справу за традыцыйны кірмаш на закрытай тэрыторыі, які праводзіўся ў Горадні дваццаты раз. Раней улады ня мелі да яго прэтэнзій.

На старшыню Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю традыцыйнага кірмашу «Казюкі».

Кірмаш праводзіўся 3 сакавіка ва ўнутраным дворыку каля польскага консульства. Па словах Анжалікі Борыс, гэтую тэрыторыю СПБ арандуе. Арганізатарамі выступалі СПБ і Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні.

Як паведаміла Анжаліка Борыс, кірмаш «Казюкі» з удзелам рамесьнікаў ладзіўся ў Горадні Саюзам палякаў дваццаты раз, але парушэньне ў яго правядзеньні міліцыянты ўбачылі ўпершыню. Апошні раз на Борыс складалі адміністрацыйны пратакол у 2008 годзе за арганізацыю сьвяткаваньня Дзён Польшчы.

«Такая краіна цудаў: бывае можна, бывае няможна. Гэта палітычна матываваная справа. Яна заўсёды можа зьявіцца, ня маючы ніякіх падставаў для гэтага», — мяркуе Борыс.

Яна не прызнае сваёй віны, бо ладзіла мерапрыемства згодна са статутам СПБ.

«Я гэта праводзіла, я гэта буду праводзіць, нягледзячы на тое, ці яны будуць судзіць, ці будуць саджаць, ці будуць караць. Гэта не паўплывае на нашую дзейнасьць... Гэта нашая культура, нашая традыцыя. Мы ня толькі можам, але абавязаныя гэта рабіць», — запэўніла кіраўніца СПБ.

На ейную думку, яна не парушыла ніякага парадку, бо на імпрэзе не распальвалі міжнацыянальнай варожасьці, нікога не пакрыўдзілі.

Борыс дадала, што СПБ не зьвяртаўся да гарадзкіх уладаў па дазвол на масавае мерапрыемства, бо ня лічыць яго такім. Імпрэза праводзілася ў закрытым дворыку, які яны арандуюць, а не на плошчы для вялікай колькасьці людзей.

Пакараньне па частцы 2 артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі прадугледжвае штраф ад 20 да 40 базавых (510–1020 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG