Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечарговыя выбары прэзыдэнта Казахстану адбудуцца 9 чэрвеня


Дзейны прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў
Дзейны прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў

Дзейны прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў абвясьціў дату нечарговых выбараў прэзыдэнта краіны. Яны пройдуць 9 чэрвеня 2019 году.

Першы прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў абвясьціў, што ідзе ў адстаўку, 19 сакавіка. Нягледзячы на тое, што ён больш ня будзе прэзыдэнтам, Назарбаеў працягне ўзначальваць Раду бясьпекі Казахстану і захавае за сабой пасаду кіраўніка кіраўнічай партыі «Нур Атан».

Касым-Жамарт Такаеў 20 сакавіка прыняў прысягу прэзыдэнта Казахстану.

Дарыга Назарбаева, старэйшая дачка былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, абраная сьпікерам парлямэнту краіны. Яе кандыдатуру вылучыў новы прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў. Пасаду сьпікера парлямэнту да гэтага займаў сам Такаеў, але пасьля сыходу Назарбаева яму паводле Канстытуцыі перайшлі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Экспэрты называюць дачку Назарбаева адной з асноўных прэтэндэнтак на пасаду прэзыдэнта краіны.

Назарбаеву сёлета споўніцца 79 гадоў. Да ўлады ў Казахстане ён прыйшоў у 1979 годзе, яшчэ да распаду СССР. Першы раз Назарбаеў стаў прэзыдэнтам Казахстану ў 1990 годзе і некалькі разоў выйграваў выбары. Цяперашні тэрмін яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў заканчваецца ў 2020 годзе. Ужо ў 2017 годзе ён быў прэзыдэнтам, які знаходзіўся ля ўлады найдаўжэй за ўсіх лідэраў краін былога СССР.

У 2016 годзе ўпершыню зьявіліся афіцыйныя паведамленьні аб праблемах Назарбаева са здароўем, і тады з прычыны хваробы давялося адмяніць візыт прэзыдэнта ў Армэнію.

Пасьля гэтага Назарбаеў прыняў рашэньне пераразьмеркаваць некаторыя паўнамоцтвы прэзыдэнта на карысьць парлямэнту і ўраду і прызначыў сваю старэйшую дачку Дарыгу дэпутатам сэнату (верхняй палаты парлямэнту краіны).

Таксама пасьля гэтага ў Казахстане прынялі новы Закон аб Радзе бясьпекі: статус гэтага органа быў зьменены з кансультатыўна-дарадчага на канстытуцыйны, і ў ім было замацавана пажыцьцёвае старшынства Назарбаева. Палітолягі лічылі, што новая структура дазваляла Назарбаеву захаваць уладу ў Казахстане да моманту яго сьмерці, нават калі ў краіне будуць іншы прэзыдэнт і ўрад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG