Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнобыльскі шлях падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам


Арганізацыйны камітэт Чарнобыльскага шляху 8 красавіка падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне традыцыйнага шэсьця ў 33-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

Заяўку падалі чальцы партыі «Зялёныя», партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, руху «За свабоду», руху салідарнасьці «Разам» і экалягічнай арганізацыі «Экадом».

Акцыю зьбіраюцца правесьці ў звычайны час звыклым маршрутам. Але згадаюць там ня толькі аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пытаньні будаўніцтва БелАЭС, а і чакаюць, што людзі «выкажуць сваю пазыцыю яшчэ і на тэму Курапатаў».

У выпадку, калі акцыю не дазволяць, арганізатары абяцаюць «карміць галубоў» на Кастрычніцкай плошчы — пад выглядам «кармленьня галубоў» праходзяць акцыі пратэсту ў Берасьці і Сьветлагорску.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася 6 красавіка 1986 году. Штогод ад 1989 году ў Беларусі 26 красавіка ладзіцца Чарнобыльскі шлях — шэсьце або мітынг у памяць аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ад 2008 году да тэмы памяці чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небясьпекі будаўніцтва БелАЭС.

Ад чарнобыльскай катастрофы так ці іначай пацярпеў ці ня кожны беларус — каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі, забруджана ў прыкметнай ступені каля 70% тэрыторыі краіны, на моцна забруджаных тэрыторыях жыве каля 12% насельніцтва.

Самым масавым быў Чарнобыльскі шлях 1996 году (да 50 тысяч чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці). У сутыкненьнях зь міліцыяй пацярпела каля 100 чалавек. Пасьля гэтага ўлады не дазвалялі ніякіх іншых варыянтаў, акрамя шэсьця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Да 2006 году ўключна несанкцыянаваныя акцыі праходзілі ў іншых месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG