Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глускім раёне ў лесе зрабілі звалку. Вяскоўцы наладзілі відэапаляваньне


Звалка адкідаў у лесе пад Балашэвічамі (Глускі раён)

Вінаватым у забруджваньні лесу пагражае 12 тысяч даляраў штрафу.

Жыхары вёскі Балашэвічы, што ў Глускім раёне Магілёўшчыны, натрапілі ў лесе на звалку адкідаў вытворчасьці трэсак і відэаролікі зь імі даслалі Свабодзе.

Звалка ў лесе ў Глускім раёне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00

Вяскоўцы спадзяюцца: калі факт забруджаньня будзе абнародаваны, то арганізацыя, якая гэта зрабіла, прыбярэ за сабою. Яны сьцьвярджаюць, што «незаконнай звалкай» засьмечана блізу гектару лесу.

Вясковец: «Сьметнік зрабіў Глускі лясгас»

Па словах аўтара відэаролікаў, які назваўся Міхаілам, звалку, якая меней як за кілямэтар ад вёскі Балашэвічы, зрабіў Глускі лясгас. Паводле вяскоўца, звозілі ў лес адкіды вялікімі самазваламі цягам трох дзён, пачынаючы ад 23 сакавіка.

Разварочаныя кучы сьмецьця на пляцоўцы амаль у адзін гектар
Разварочаныя кучы сьмецьця на пляцоўцы амаль у адзін гектар

Міхаіл перакананы, што дазволу на захаваньне прамысловых адкідаў у ваколіцах Балашэвічаў лясгас ня мае. Па яго падліках, «плошча забруджанага лесу» ахоплівае тры чвэрці гектара.

Груды адкідаў разраўнавалі па пляцоўцы

29 сакавіка карэспандэнты Свабоды адшукалі звалку па наежджанай грузавымі машынамі каляіне. Журналісты ня ўбачылі куч сьмецьця, зафіксаваных на відэароліках вяскоўца. Іх разварацілі па немалой пляцоўцы ў маладым хвойніку. Непадалёк ад забруджанай мясьціны знак з папярэджаньнем, што ў лесе ўсталяваная «фотапастка».

«Хоць цяпер і куч са сьмецьцем няма, але факт, што лясгас забрудзіў наш лясны масіў, навідавоку», — камэнтуе сытуацыю Міхаіл.

На пляцоўцы з сыравінай — тыя ж адкіды, што і ў лесе

Участак вырабу трэсак на ўскрайку Балашэвічаў на былым саўгасным машынным двары. На ім горы пілавіньня і штабэлі бярвеньня. Тут жа і адкіды, падобныя да тых, што ў лесе.

На ўезьдзе на лясную дарогу папераджальны знак пра «фотапастку»
На ўезьдзе на лясную дарогу папераджальны знак пра «фотапастку»

«Раз на некалькі дзён сюды прыяжджае машына з адмысловымі прыладамі, якая і ператварае гэтыя бярвёны ў трэскі», — кажа Міхаіл.

Паводле жыхароў Балашэвічаў, раней лясгас звозіў сьмецьце на месца зруйнаванага сьвінарніка. Гэтая пляцоўка за тры кілямэтры ад лесу, дзе выяўлены сьметнік. На ёй падобныя, як у хвойніку, адкіды.

Інспэкцыя прыродных рэсурсаў: «Будзем разьбірацца»

У раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пацьвердзілі, што ў Балашэвічах Глускі лясгас мае «стацыянарна аформлены пункт» вытворчасьці трэсак зь незапатрабаванай драўніны.

На пляцоўцы, дзе складуюць сыравіну для трэсак. На пярэднім пляне адкіды вытворчасьці, такія ж, як і ў лесе
На пляцоўцы, дзе складуюць сыравіну для трэсак. На пярэднім пляне адкіды вытворчасьці, такія ж, як і ў лесе

Начальнік інспэкцыі Леанід Васілеўскі запэўнівае, што сытуацыя са звалкай пад Балашэвічамі ўзятая ім на кантроль і ён будзе зь ёй разьбірацца.

Лясгас: «Такога ня можа быць!»

У самім лясгасе заяўляюць, што ў лес сьмецьце не вывозілі. Галоўны лясьнічы Мікалай Ляпко настойвае, што ўсе «адкіды вытворчасьці трэсак вывозяцца на гарадзкую звалку». На яго думку, сьметнік маглі ўтварыць прыватныя лесанарыхтоўшчыкі, якіх у раёне шмат.

Дарога на сьметнік у сасоньніку
Дарога на сьметнік у сасоньніку

На заўвагу, што вяскоўцы даслалі Свабодзе відэаролік з кучамі адкідаў, падобных да тых, што на пляцоўцы з сыравінай для трэсак, адказаў, што будзе «разьбірацца».

Эколяг: «Парушаны закон»

Супрацоўніца праграмы па хімічных рэчывах і адкідах Цэнтру экалягічных рашэньняў Натальля Блышчык у сытуацыі са звалкай пад Балашэвічамі лічыць, што парушаны закон «Аб абыходжаньні з адкідамі». Паводле яе, прадпрыемства, якое вывезла ў лес «сьмецьце», мусіла ўтылізоўваць яго ў санкцыянаваным месцы, калі ёсьць рашэньне, што такі «матэрыял» ня можа быць перапрацаваны. На яе думку, арганізацыя такім чынам спрабуе ўнікнуць выплаты экалягічнага падатку.

Адкіды з пляцоўкі складаваньня сыравіны для трэсак
Адкіды з пляцоўкі складаваньня сыравіны для трэсак

Эколяг кажа, што для захаваньня адкідаў ствараюцца палігоны або спэцыяльна ўзводзяцца іншыя збудаваньні.

У Глуску палігон цьвёрдых бытавых адкідаў за межамі гораду. За парушэньне закону «Аб абыходжаньні з адкідамі» юрыдычнай асобе пагражае штраф да 1 тысячы базавых велічынь.

Як змагацца зь несанкцыянаванымі звалкамі. Парады эколягаў

Калі выяўлена несанкцыянаваная звалка, экалягічны рух «Зялёны дазор» раіць:

  • паведаміць у пісьмовай форме пра яе ўласьніку тэрыторыі (арганізацыі, якая кантралюе гэтую тэрыторыю) ці ў мясцовы выканкам;
  • уласьнік тэрыторыі альбо мясцовы выканкам мае забясьпечыць збор і выдаленьне адкідаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG