Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новым міністрам сельскай гаспадаркі экспэрта ў заатэхніцы

абноўлена

Малочная фэрма «Сьліжы», у кароўніку якой Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка зладзіў «разнос», па выніках якога звольніў міністра сельскай гаспадаркі
Малочная фэрма «Сьліжы», у кароўніку якой Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка зладзіў «разнос», па выніках якога звольніў міністра сельскай гаспадаркі

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка прызначыў новага міністра сельскай гаспадаркі і новага старшыню Шклоўскага райвыканкаму.

Сельскае міністэрства ўзначаліў Анатоль Хацько — 44-гадовы чыноўнік родам са Случчыны, які раней працаваў заатэхнікам у калгасах, затым стаў намесьнікам дырэктара і дырэктарам «Менскаблхлебпрадукту», з 2016 году займаў пасаду генэральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднаньня племянной жывёлагадоўлі «Белплемжыўаб’яднаньне». Лукашэнка, як сьцьвярджаецца, выбраў яго за веды ў жывёлагадоўлі.

Анатоль Хацько, 2018 год
Анатоль Хацько, 2018 год

«Уся ваша біяграфія зьвязаная з працай з жывёламі, — казаў Лукашэнка новаму міністру. — Вы і адукацыю атрымалі ў гэтай сфэры, і, як мне дакладваюць, на апошнім месцы працы ў вас нядрэнна складваліся справы».

Лукашэнка даручыў Хацько перадусім заняцца фінішнай вытворчасьцю мяса і малака, дзе «праблемаў хапае», а «калі жывёлагадоўля не ў парадку, то тады і расьлінаводзтва ня трэба».

Кіраўніком Шклоўскага равыканкаму тым часам прызначаны Аляксандар Ціток, які раней кіраваў Хойніцкім райвыканкамам і быў начальнікам дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў.

«У вас ёсьць досьвед ліквідацыі наступстваў пасьля Чарнобылю, займаліся гэтымі пытаньнямі ў маштабах рэспублікі апошнія гады, — перадае БелТА словы Лукашэнкі, сказаныя новаму кіраўніку Шклоўшчыны. — Ведаеце сытуацыю, становішча, ведаеце сыстэму кіраваньня на высокім узроўні. Спадзяюся, працуючы ў такой вайсковай, можна сказаць, арганізацыі, напрактыкаваліся ў пляне дысцыпліны і парадку — у тым, чаго нам не хапае ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасьці ў Шклоўскім раёне».

Лукашэнка дадаў, што Цітку давядзецца шчыраваць, бо «гэта ў Савецкім Саюзе, калі працавала махіна, можна было паўдня пад кустом ляжаць, пакуль цябе райкам партыі не дастаў, а сёньня — не, трэба бегаць».

Іхных папярэднікаў Лукашэнка загадаў «усіх пад нож», але перадумаў

Пасьля «разносу ў кароўніку» 26 сакавіка, калі Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў стан малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, пасады страцілі кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімер Даманеўскі і старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюноў (апошняга паставілі кіраваць аргахолдынгам «Купалаўскае»), міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы, была заведзеная крымінальная справа.

Але 1 красавіка прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што Заяц і Русы атрымалі пасады адпаведна старшыні Магілёўскага аблвыканкаму і памочніка прэзыдэнта — інспэктара Магілёўскай вобласьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG