Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры рэчы, за якія ў СССР расстралялі б, — знаходкі краязнаўцы са Смаргоншчыны


Колішні кляштар езуітаў у Жодзішках (цяпер псыхіятрычная лякарня)
Колішні кляштар езуітаў у Жодзішках (цяпер псыхіятрычная лякарня)

Падарожжа Зьмітра Бартосіка ў вёску Жодзішкі Смаргонскага раёну.

Схаванае за савецкім фасадам

Самае моцнае ўражаньне ад Менску ў дзяцінстве мне падарыў марыінскі касьцёл. Раней гэта быў Дом фізкультуры з клясычным фасадам на плошчы Свабоды. З фасада гэта быў звычайны сталінскі будынак, са звыклымі калёнамі ды порцікам. Але ў двары турыста чакала сапраўднае адкрыцьцё ў выглядзе высокай апсіды колішняга езуіцкага сабора. Фасад і задворкі настолькі не супадалі, што я тады адчуў радасьць першаадкрывальніка. Хоць менчукі, вядома, ведалі, што хаваецца за сталінскім фасадам.

З тае пары ў мяне нарадзілася звычка не давяраць афіцыйным фасадам у Беларусі. Пад першым напластаваньнем альбо з тылу заўжды хаваюцца сьляды мінулых часоў, сьветлых альбо цёмных. У Менску ды іншых гарадах і вёсках.

Барэльеф Пілсудзкага

Днямі ў Смаргонях у мяне быў бардаўскі канцэрт. Выступалі разам з Андрусём Мельнікавым ды Алегам Мізулам. Начаваць ды бяседаваць паехалі на сядзібу Мізулы ў Жодзішкі. У гэтым мястэчку я бываў не адзін раз. І здавалася, сто разоў бачыў колішні кляштар езуітаў. Але гэтым разам краязнаўца Алег Мізула мне зрабіў сюрпрыз. Перад колішнім кляштарам, а сёньня псыхіятрычнай лякарняй, стаіць бюст. Слова Алегу Мізулу.

— Гэта помнік нэўрахірургу Паўлаву. У гэтым будынку ад 1945-га па 1949 год была тубэркулёзная лячэбніца. А потым псыханэўралягічная бальніца. А да вайны тут быў урад гміны. А перад ёй помнік Пілсудзкаму. Калі прыйшла савецкая ўлада, гэты помнік нязначна перарабілі. Прыбралі верхнюю частку, піраміду. А на пастамэнт паставілі Паўлава.

Алег дастаў з торбы два бронзавыя барэльефы і пайшоў да тыльнага боку помніка, дзе засталіся нішы ад тых выяваў, што калісьці тут былі.

Алег Мізула
Алег Мізула

— Вось ён, бронзавы барэльеф Пілсудскаму. І арол. Калі прыйшла савецкая ўлада, гэты барэльеф адразу зьбілі. Забраў яго арганіст Уладзіслаў Дудзінскі. Ён даўно памёр. А барэльеф знайшла ягоная радня. У хляве быў схаваны. Радня стала разьбіраць і знайшла ў сене. Мне адразу стала зразумела, чаму ён такі нязграбны, гэты помнік. Гісторыя вярнулася. Помнік паставілі пасьля сьмерці Пілсудскага. Тады ў другой Польскай рэспубліцы быў ягоны культ. Такія помнікі ставілі ледзь ня ў кожным цэнтры гміны.

Ці былі польскімі патрыётамі тыя людзі, што схавалі барэльеф Пілсудскага? Гэта ня важна. Наша гісторыя ня толькі ў помніках Леніну на галоўных плошчах.

Артэфакт са свастыкай

Зьбіральнік непатрэбшчыны Мізула між тым падрыхтаваў для мяне артэфакт зь нямецкай акупацыі. Звычайны салдацкі рэмень гітлераўскай арміі. Са зьбітай свастыкай на спражцы.

— Бачыш нямецкі рэмень? Здаецца, ні пра што ён не гаворыць. Пытаюся ў гаспадара — а чаму ён сьцёрты? Чаму няма свастыкі, арла? Кажа: «Мой бацька ў калгас хадзіў на працу, і гэтую папругу насіў увесь час. І сьцёр, каб ня бачылі, што гэта нямецкая. А то дасталася б». Я тады рэмень раскручваю і бачу, што ўнутры ўсё засталося. І свастыка, і арол. Во які практычны беларус. Не прападаць жа дабру! Скура якая!

Так і працаваў савецкі калгасьнік за сталінскія працадні са схаванай свастыкай на папрузе.

Залеплены Сталін

Але трэці экспанат з калекцыі Алега Мізулы прымусіў задумацца. Бо сягае ён у нашыя дні. Знайшоў яго Алег падчас выкідваньня непатрэбнай старызны з прададзенага жодзіскага дому. На першы погляд, звычайны набор фатаздымкаў, наклееных на адзін вялікі аркуш. Такія сямейныя «іканастасы» і сёньня вісяць у вясковых дамах на самым пачэсным месцы.

— Іду неяк па вуліцы. Чалавек купіў дом. І будаўнікі выкідаюць усякі друз. А жыла там сям’я Трайковічаў. Іхны бацька Рыгор Трайковіч быў участковым інспэктарам па вайне. Хлопцы мне кажуць: табе здымкі ня трэба? Цікава, вядома. Гляджу і бачу. Вось такая сямейная інсталяцыя. А што ж, думаю, пад нізам? І тут адзін фатаздымак адвальваецца. А там пагон генэралісімуса! Гэта калісьці, да 1953 года, у хаце ўчастковага вісеў партрэт таварыша Сталіна. Няйначай у рамцы!

А калі прыйшоў Хрушчоў, адразу зьмянілася стаўленьне. Нават у гэтага міліцыянэра. Партрэт правадыра сталі заклейваць сямейнымі фатаздымкамі. Партрэт стаў асновай для іншых каштоўнасьцяў. Гэта ж цэлы пералом адбыўся ў чалавечай сьвядомасьці. Пры Сталіну калі б які чыноўнік прыехаў да гэтага ўчастковага і пабачыў такое, 25 гадоў было б. 25 гадоў! Ці найвышэйшая мера. А па сьмерці правадыра — вось такі помнік зьмене сьвядомасьці. Потым гэты Рыгор кінуў сваю сям’ю, паехаў на цаліну. І там загінуў у аварыі. Я зьвярнуўся да радні. Што вашыя фатаздымкі ў мяне, прыйдзіце, забераце. «А нам ня трэба». Не цікавая ім гісторыя сваёй сям’і.

З аднаго здымка на нас глядзіць суворы мужчына ў белым міліцэйскім кіцелі. Участковы вялікага мястэчка. Участковы паваенных часоў. Калі ў навакольных лясах яшчэ пастрэльвалі. І Акоўцы, і дэзэрціры, і звычайныя бандыты. Пасада ў Рыгора Рыгоравіча была сур’ёзная. Але ж так атрымліваецца, што ў ягонай, кінутай ім сям’і Сталін перамог. Калі ніхто з нашчадкаў не адчуў аніякай патрэбы захаваць памяць пра сваю радню. Не бывае непатрэбных рэчаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG