Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска зь «Песьні пра зубра». Вянок памяці


Натальля ў традыцыйным строі (з калекцыі Міхася Раманюка) з дачушкай Ясяй. 1979 г. Фота Яўгена Куліка

Учора, у апошні дзень сакавіка, адляцела ў Вечны вырай сьветлая беларуская душа Натальлі Санько.

Ужо ў самім прыходзе Натальлі на сьвет мне бачыцца тое, што мэтафізычна паўплывала на лёс. Яна нарадзілася ў старажытнай украінскай Жоўкве зь яе знакамітым замкам-рэзыдэнцыяй вялікага князя і караля Яна Сабескага, пераможцы туркаў пад Венай. Адзначылася Жоўква і ў гісторыі айчыннай літаратуры. Якраз там, у друкарні манахаў-базылянаў, у 1906-м эмігрантка з Расейскай імпэрыі ў аўстра-вугорскую Галіцыю Алаіза Пашкевіч, якую мы ведаем і любім як проста Цётку, выдала пад псэўданімам Гаўрыла з Полацку сваю кнігу «Скрыпка беларуская», а затым і «Хрэст на свабоду».

Жыцьцёвы шлях Натальлі, семдзясят гадоў таму таемна ахрышчанай сьвятаром ужо скасаванай бальшавікамі Украінскай уніяцкай царквы, будзе зьвязаны і зь гісторыяй, і зь беларускай літаратурай.

Калі бацькі — вайсковец зь Лепельшчыны Міхал і маці-настаўніца Вольга родам з Клічаву — вярнуліся ў 1955-м на радзіму і асталяваліся ў Менску, малой сямігадовай Натальлі было няўцям, чаму ў Жоўкве ўсе гаварылі па-ўкраінску, а ў сталіцы Беларусі ніхто па-беларуску не размаўляе. Сумнае дзіцячае адкрыцьцё таксама адгукнецца ў лёсе — нязводным імкненьнем бараніць сваё, спрадвечнае. Спрычынілася да гэтага і клічаўская бабуля па кудзелі Паліна, таленавітая сьпявачка і апавядальніца, якая на ўсьцеху дзецям і ўнукам затрымалася на гэтым сьвеце больш чым на стагодзьдзе.

Скончыўшы школу з срэбным мэдалём, Натальля стала студэнткай біялягічнага факультэту БДУ, а затым супрацоўніцай Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту гематалёгіі і пераліваньня крыві, дзе выславілася як экспэрымэнтатарка і ўладальніца некалькіх патэнтаў на вынаходніцтвы. Аднак заняткі навукай усё больш саступалі іншым зацікаўленьням і клопатам.

Разам з мужам Зьмітром, цяпер вядомым кнігавыдаўцом і сапраўдным беларускім асьветнікам, Натальля ўвайшла ў легендарную ўжо цяпер нонканфармісцкую суполку «На паддашку». Зянон Пазьняк, Міхась Чарняўскі, Лявон Баразна, Алесь Разанаў, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Міхась Раманюк... Сябры суполкі былі выдатнымі кансьпіратарамі: зьбіралася на свае паседжаньні ў мастацкай майстэрні Яўгена Куліка, што месьцілася на паддашку дакладна насупроць будынку КГБ.

Там, на паддашку, нараджаліся і пасьпяхова ўрэчаісьніваліся нацынальна арыентаваныя культурніцка-асьветныя праекты, што былі выклікам афіцыйнаму мастацтву сацрэалізму. Надыходзіў час і для палітычных акцый.

У 1976-м шырока прагучала наладжаная «паддашкаўцамі» мастацкая выстава да 100-годзьдзя Цёткі. Яшчэ большы розгалас атрымала ў 1980-м экспазыцыя да 500-годзьдя Міколы Гусоўскага. Натальля брала ўдзел у арганізацыі абедзьвюх гэтых выставаў. Улады ўжо не маглі ігнараваць уключаны ў сусьветны каляндар ЮНЭСКА юбілей аўтара «Песьні пра зубра» і далі дазвол на выданьне знакамітай паэмы. У той кнізе з ілюстрацыямі Яўгена Куліка правобразам беларускі ў народным строі зь дзіцем на руках, што знаходзіцца на адным з графічных аркушаў, стала Натальля Санько.

Графічны аркуш зь «Песьні пра зубра»
Графічны аркуш зь «Песьні пра зубра»

Яна разам з мужам ды іншымі аднадумцамі рыхтавала першае, нелегальнае выданьне вядомай працы Міколы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту». Друкавальныя машынкі тады стаялі на ўліку ў спэцслужбах, а для пакараньня тых, хто адважваўся выпускаць у сьвет «крамольныя» тэксты, існаваў адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу, які пагражаў турэмным зьняволеньнем. Кніга Ермаловіча ўвайшла ў гісторыю беларускага самвыду і спрычынілася да навуковай дыскусіі пра ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага, а пазьней афіцыйна перавыдавалася вялікімі накладамі. Тады ж Натальля, узброіўшыся нажніцамі, разразала на старонкі рулёны «пракручанага» на ратапрынце тэксту. Якая гэта доўгая ды нялёгкая праца, ведаю з уласнага досьведу: памнажалі разам зь сябрам Вінцэсем Мудровым кніжкі, прывезеныя ад Ларысы Геніюш з Зэльвы, у прыватнасьці «Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага.

Натальля адна зь першых у беларускай кнігавыдавецкай справе асвоіла пэрсанальны кампутар і стварыла макеты цэлай бібліятэкі кніг, сярод якіх такія папулярныя як «150 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі», «Дзесяць бітваў» Міхася Чарняўскага, «Адкуль наш род» аўтара гэтых радкоў, «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (яго ж у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам). Шмат Натальлінай працы і ў падрыхтоўцы маіх «Краіны Беларусі» і «Вялікага Княства Літоўскага» (у суаўтарстве з мастаком Зьмітром Герасімовічам) і зусім нядаўняй «Айчыны» (з Паўлам Татарнікавым).

Некалькі гадоў Натальля Санько ахвярна сканавала, рэтушавала і рэстаўравала для факсымільнага выданьня гадавыя камплекты «Нашай Нівы» — легенды нацыянальнага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. Часам стан газэтных нумароў быў такі, што даводзілася працаваць з кожнай літарай...

У Натальлі Санько засталіся дзеці — Яніна і Кастусь ды ўнучка Міхаліна.

Сёньня мы разьвіталіся з Натальляй у менскім Чырвоным касьцёле, а ля труны леглі яе ўлюбёныя белыя і чырвоныя ружы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG