Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз жартаў. 10 прычын, чаму Зяленскі апярэдзіў Парашэнку на ўкраінскіх выбарах


Уладзімір Зяленскі

Паводле папярэдніх вынікаў, у першым туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны дзейны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка набраў каля 16,64% галасоў, актор Уладзімір Зяленскі — 30,2%. Чаму так?

  1. Галасы лічаць. Маштабных фальсыфікацыяў на карысьць дзейнай улады не фіксавалася (хоць шэраг парушэньняў з розных бакоў быў), таму альтэрнатыўны кандыдат мае шанцы на перамогу.
  2. Ідзе вайна. Узброены канфлікт на Данбасе «прыцішаны», але людзі гінуць ці не штодня. Ня ўсе вераць, што дзейныя ўлады змогуць разабрацца з «ДНР» і «ЛНР», а тым больш вярнуць акупаваны Расеяй Крым.
  3. Кадравая правалы Парашэнкі. Выбарнікі памятаюць правальныя вайсковыя кампаніі ў 2014 годзе пад кіраўніцтвам міністра абароны Валерыя Геляцея, прызначэньне кіраўніком Нацыянальнага банку сваёй бізнэс-партнэркі Валерыі Гонтаравай, у Радзе нацыянальнай бясьпекі — Алега Гладкоўскага, якога абвіанвацілі ў карупцыйных схемах ва Ўкрабаронпраме.
  4. Карупцыя. Адсутнасьць эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй і датычнасьць атачэньня дзейнага прэзыдэнта да карупцыйных схемаў раскраданьня бюджэтных сродкаў у вайскова-прамысловым і энэргетычным сэктары.
  5. Ляяльнасьць да прадстаўнікоў мінулай улады. У Парашэнкі былі дамоўленасьці з мэрам Харкава Генадзем Кернэсам і мэрам Адэсы Генадзем Труханавым, якія знаходзіліся пад крымінальным перасьледам, але пакараныя не былі.
  6. Моцнае зьбядненьне грамадзян. Ва Ўкраіне некалькі гадоў не індэксаваліся заробкі і пэнсіі, істотна павялічыліся тарыфы на камунальныя паслугі. Пасьля моцнага спаду эканомікі ў 2013–2015 гадах аб’ём валавога ўнутранага прадукту яшчэ не аднавіўся.
  7. Рэформы марудныя. Рэфармаваньне ва Ўкраіне ідзе пад ціскам МВФ і грамадзкасьці. Украінцы чакаюць хуткіх зьменаў у сваёй краіне, а пры маруднасьці ўлады вельмі хутка ў ёй расчароўваюцца. Так было і ў выпадку выбраньня прэзыдэнтам Віктара Юшчанкі ў 2005 годзе.
  8. Крэатыўная агітацыя Зяленскага. Сэрыял «Слуга народу» з Уладзімірам Зяленскім фактычна ўвасобіў чаканьні ўкраінцаў ад палітыкаў і ўлады. Пэрсанаж Зяленскага пазытыўны, над ягоным вобразам працуе прафэсійная каманда.
  9. Стомленасьць палітыкамі. Выбарнікі зьвязваюць свае надзеі з прадстаўнікамі несыстэмнай палітыкі і новым палітычным пакаленьнем, не зьвязаным з алігархамі і старой сыстэмай улады.
  10. Няправільнае разуменьне ролі прэзыдэнта. Украіна мае парлямэнцка-прэзыдэнцкі лад праўленьня. Прэзыдэнт мае паўнамоцтвы ў замежнай палітыцы, вайсковай справе і хіба вельмі абмежаваны ўплыў на эканоміку. Законы прымае парлямэнт, за пытаньні эканомікі адказвае ўрад. Праўда, большасьць кандыдатаў мае эканамічныя пункты ў праграмах. І ад прэзыдэнта многія ўкраінцы чакаюць паляпшэньня эканамічнай сытуацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG