Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зузана Чапутава стала першай у гісторыі Славаччыны жанчынай-прэзыдэнтам


Зузана Чапутава
Зузана Чапутава

Пасьля падліку амаль 60% галасоў супернік Чапутавай прызнаў паразу і павіншаваў пераможцу.

«У нас, як у большасьці посткамуністычных краінаў, ёсьць праблемы з карупцыяй. У нас ёсьць праблемы з адказнасьцю чыноўнікаў і дзяржаўных дзеячаў за свае словы і справы. Іншымі словамі, у нас праблемы са справядлівасьцю і сумленнасьцю».

Так апісвала сытуацыю ў сваёй краіне адна з самых незвычайных кандыдатак у прэзыдэнты, якія ў апошні час зьяўляліся ў Эўропе. 45-гадовая Зузана Чапутава — былая «сьмецьцевая» актывістка, якую яшчэ некалькі месяцаў таму ведаў мала хто па-за межамі яе роднага мястэчка Пэзінак. 16 сакавіка яна атрымала перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, набраўшы больш як 40 адсоткаў галасоў, а праз два тыдні выйграла другі тур, набраўшы каля 60% галасоў і стаўшы пятым прэзыдэнтам незалежнай Славацкай рэспублікі — і першай жанчынай на гэтай пасадзе. У другім туры яе супернікам быў дыплямат Мараш Шэфчавіч, за якога прагаласавала каля 40 адсоткаў.

Чапутава не належыць да традыцыйнай палітычнай эліты, якой многія славацкія выбаршчыкі схільныя не давяраць. Юрыстка паводле адукацыі, яна займалася сямейным правам, вяла справы аб хатнім гвалце, у прыватнасьці, у дачыненьні да дзяцей. Потым пачала супрацоўнічаць зь некамэрцыйнымі арганізацыямі — перш за ўсё, грамадзкім аб’яднаньнем VIA Iuris, чыім адвакатам неўзабаве стала. Паколькі гэтая НКА атрымала некалькі грантаў ад фонду «Адкрытае грамадзтва» Джорджа Сораса, у перадвыбарчай кампаніі гэта стала прадметам нападак на Чапутаву з боку нацыяналістычных кандыдатаў, якія заяўлялі, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам яна «прадасьць Славаччыну Сорасу і амэрыканцам».

Найбольшую вядомасьць Зузане Чапутавой прынесла кампанія па барацьбе зь велізарнай звалкай у мястэчку Пэзінак, дзе яна жыла. Звалка, якая пачыналася за 300 мэтраў ад жылой забудовы, стварала гараджанам мноства праблем, аднак улады прынялі рашэньне аб яе пашырэньні. Чапутава, якая ўзначаліла пратэст жыхароў Пэзінка, дайшла да Вярхоўнага суду Славаччыны, які прызнаў незаконным рашэньне пашырыць звалку. Барацьба доўжылася больш за 10 гадоў. Пазьней Эўрапейскі суд на падставе гэтай справы вынес шэраг пастановаў, якія вызначаюць сёньня парадак вырашэньня падобных спрэчак у рамках усяго ЭЗ. У 2016 годзе Зузана Чапутава атрымала прэстыжную міжнародную прэмію Голдмана, якая прысуджаецца за посьпехі ў галіне абароны навакольнага асяродзьдзя.

Балятавацца на пасаду прэзыдэнта Чапутава вырашыла, даведаўшыся, што цяперашні кіраўнік дзяржавы Андрэй Кіска — ён падтрымаў яе кандыдатуру — вырашыў не вылучацца на другі тэрмін.

Зузана Чапутава і яе супернік Мараш Шэфчавіч
Зузана Чапутава і яе супернік Мараш Шэфчавіч

Ня ўсе погляды Зузаны Чапутавай тыповыя для даволі кансэрватыўнай Славаччыны. Калі падтрымку сяброўства ў Эўразьвязе і НАТА, якую яна рашуча выказвае, падзяляе большасьць грамадзян, то, напрыклад, яе пазытыўнае стаўленьне да права на аборт і ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі актыўна выкарыстоўвалі канкурэнты, якія палохалі электарат «канцом традыцыйнай сямʼі» і «дыктатурай ЛГБТ». Сама Чапутава разьведзеная, у яе дзьве дачкі.

Што да праграмы Чапутавой — у прыватнасьці, яна абяцае радыкальную рэформу праваахоўных органаў і судовай сыстэмы. (У гэтай сфэры ў прэзыдэнта Славаччыны ёсьць уплыў, хоць ягоныя паўнамоцтвы паводле канстытуцыі невялікія). Гэтыя праблемы знаходзяцца ў цэнтры грамадзкай увагі як найменш ад зімы 2018 году, калі ахвярамі заказнога забойства сталі 27-гадовы журналіст-дасьледчык Ян Куцьяк і яго нявеста Марціна Кушнірава. Масавыя пратэсты, што пачаліся пасьля гэтага, прывялі да адстаўкі прэмʼер-міністра Фіца, міністра ўнутраных спраў і шэфа паліцыі. Днямі пракуратура выставіла абвінавачваньне ў арганізацыі забойства прадпрымальніку Марʼяну Кочнару, вядомаму сваімі сувязямі ў вярхах кіруючай партыі «Курс».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG