Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі з атручэньнем Скрыпалёў


Britain - Police officers continue to guard the scene where a forensic tent in the centre of Salisbury

Санкцыі ўжо ўхвалілі ў Міністэрстве фінансаў і Дзярждэпартамэнце, сьцьвярджаюць крыніцы агенцтва.

У Белым доме атрымалі пакет новых санкцыяў супраць Расеі ў сувязі з атручэньнем былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Вялікай Брытаніі ў 2018 годзе, паведамляе ў пятніцу агенцтва Bloomberg cо спасылкай на дасьведчаныя крыніцы.

Кіраўніцтва Міністэрства фінансаў і Дзярждэпартамэнт ухвалілі новыя санкцыі. Цяпер іх павінны зацьвердзіць у адміністрацыі Дональда Трампа, пасьля гэтага інфармацыя пра новыя санкцыі будзе апублікаваная, сьцьвярджаюць крыніцы Bloomberg, знаёмыя з сытуацыяй.

У Мінфіне ЗША пакуль не адказалі на просьбу пракамэнтаваць гэтае паведамленьне.

У сакавіку 2018 года Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаныя ў брытанскім Солсбэры нэрвова-паралітычным газам тыпу «Навічок», які быў распрацаваны ў СССР і вырабляўся ў расейскіх вайсковых лябараторыях. Скрыпаль у мінулым працаваў у расейскай вайсковай выведцы, а затым пачаў супрацоўнічаць з заходнімі спэцслужбамі.

У 2006 годзе яго асудзілі за супрацоўніцтва з брытанскай выведкай. Скрыпаль пераехаў у Вялікую Брытанію ў 2010 годзе пасьля памілаваньня і абмену агентамі паміж Расеяй і ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG